February 13th, 2010

07kiepka

(no subject)

z 2010-1963. Матукоўская і Чэхаў

Мая маці любіла чытаць Чэхава. Маці працавала ў бібліятэцы, дзе было безліч кніжак Антона Чэхава, якога выдавалі і перавыдавалі, якога ніхто ніколі не забараняў, бо мала хто бачыў, як грэбліва Чэхаў ставіўся да людзей з іх мізэрнымі справамі і спраўкамі. Чэхава чыталі, перачытвалі, экранізавалі і ставілі ў тэатрах. Чэхаў быў паўсюль. У нашай суседкі Валянціны Матукоўскай было ажно дваццаць томоў з прозай і лістамі доктара Чэхава. Мая мама любіла гэты цёмна-вішнёвы дваццацітомнік. Мы, я і мама, прыходзілі да Матукоўскіх. Цётка Валя частавала нас гарбатаю з вішнёвым варэннем, маці вяртала прачытаны том і брала наступны. Амаль год Чэхаў быў самым любімым літаратарам маёй маці. Мне падабалася хадзіць у госці да Матукоўскіх на гарбату. Вішнёвы дваццацітомнік Антона Чэхава я згадаў, калі ўбачыў вішнёватварага бамжа, які стоячы над кантэйнерам са смеццем нешта жаваў. Бомж падмацоўваўся адкідамі з такім выглядам, нібыта ён п’е каву за барнай стойкаю. Які высокі бомж! Заўважыў я. Зазвычай, бамжы невысокія, а гэты – высачэзны. Былі моманты ў маім жыцці, калі мне не хапала сантыметраў пяць росту. Мне падавалася, што, калі б у мяне рост быў не метар восемдзесят, а метар восемдзесят пяць, дык шмат якія бойкі проста і не пачаліся б. Мае супраціўнікі пабачылі б відавочную перавагу і адступіліся б. А так жа давялося… А каб мне ды такі рост… А ён, маючы выдатны рост, есць адкіды выцягнутыя з кантэйнера. Чаго яму не хапае ў жыцці? Чаму нам усім нечага не хапае? Чаму маёй маме трэба было хадзіць да Матукоўскіх і чытаць менавіта вішнёвы збор твораў Чэхава? Чаму Валя Матукоўская, маючы столькі дабротаў у гэтым жыцці, раптам вырашыла з яго сыйсці? Яна выпіла каньяку, яна выпіла сонных таблетак і не прачнулася. Чаму? Чаму мы не цэнім таго, што маем? Чаму мы такія падобныя да нікчэмных персанажаў, якіх доктар Чэхаў апісваў саркастычным пяром? Пэўна таму, што мы моцна любім салодкае.