February 11th, 2010

07kiepka

(no subject)

Следчы, затрыманы, застрэленая жонка і песня

“Вы стаміліся і заснулі?” – запытаў следчы ў затрыманага. “Так, я прыйшоў дамоў стомлены, такі стомлены, што нават не вячэраў, а прыняў душ і лёг спаць”. – “Вы леглі спаць адзін?” – “Жонка глядзела серыял, а я апошнім часам так стамляюся, што тэлевізар глядзець не магу. Засынаю на канапе. Сяду пеерад экранам, а праз хвіліну сплю”. – “Вы леглі спаць, заснулі і прачнуліся пасярод ночы?” – “Так, я прахапіўся пасярод ночы, бо закрычаў, і прачнуўся ад уласнага крыка. Мне прыснілася, што я разам з жонкаю ляжу ў глыбокай яміне з чорнай зямлёю. Я крыху паварушыўся, зямля пачала абсыпацца, і я ўбачыў, што мы ляжым на трупах крышку прысыпаным чорная і тлустай зямлёю. Ад страху я пачаў крычаць, ад свайго крыку я прачнуўся”. – “Вы прачнуліся і пабачылі, што жонкі побач з вамі няма?” – “Так, я пабачыў, што яе няма і пайшоў шукаць…” – “Вы абыйшлі свой дом, потым выйшлі на ганак і ўбачылі святло ў вокнах суседскага дома?” – “Суседзі часта ладзяць вечарынкі. Кожную пятніцу ў іх вечарынка, музыка і поўна гасцей. А я пад канец тыдня паўмёртвы. Сусед запрашае, але я не магу да яго хадзіць, бо ў пятніцу я зусім ніякі. Мне ў выходныя трэба адпачыць!” – “Вы абыйшлі свой дом…” – “Абыйшоў дом, і зразумеў, што жонка пайшла на вечарынку да суседзяў. Я ніколі не забараняў жонцы хадзіць на вечарынкі. А тут нешта здарылася ў мяне з галавою. Я ўзгадаў песню: “Віжу ў полі быў шацёр; /У том шатре татары, /Міз татараў мая мілая, /Мілая гуляіць, /На мяне платком махаіць: / – Ні наезжай, міленькій, /На чужу дальнію старонку, /Паціраеш, міленкій, /Сваю буйную галоўку…” Такая песня мне ўзгадалася. Я выйшаў на ганак і ўбачыў святло ў доме суседа…” – “Вы убачылі святло ў суседскім доме, пачулі музыку, узгадалі песню і ўзялі ружжо?” – “Я спяваў песню, спяваў нашу беларускую песню: “ – Я татараў ні баюся: /Я татараў усіх парублю, /Цябе, шэльму, пачвяртую. /Выхвачу вострую меч, /Сыму жане галаву з плеч: /– Ні даставайся, мілая, /Ні мне, ні татару, – /Даставайся, мілая, /Сырой матушке-зямелькі!” Спяваючы, дастаў ружжо, спяваючы прыйшоў да суседа і застрэліў жонку. Спяваючы, я застрэліў суседа, астатнія паўцякалі”. – “Вы прызнаецёся ў забойстве жонкі і суседа?” – “Так, усё, як у нашай беларускай песні. Я прызнаюся ў забойстве суседа і жонкі, я іх застрэліў са свайго паляўнічага ружжа. Я ператаміўся, яны не давалі мне адпачыць, і я іх, як у песні…”