February 4th, 2010

07kiepka

(no subject)

Шэры мост і дробныя феміністкі

У нашай сталіцы ёсць Шэры мост. Той мост ведаюць усе, бо наш галоўны праспект ідзе якраз праз Шэры мост. Пад мостам плыве ціхая рака, а яшчэ там ёсць два праходы-праезды. У тым праездзе-праходзе, што бліжэй да пляца Перамогі, часам з’яўляўся Белы чалавек. Ён падыходзіў да мінака і прапаноўваў выпіць. Калі мінак пагаджаўся і каштаваў гарэлку з Белым чалавекам, дык спыніцца ўжо не мог, піў і піў гарэлку, пакуль не прапіваў усё чыста, пакуль не співаўся ўшчэнт і не паміраў. У кожнай казкі, як і ў кожнага жыцця ёсць свой пачатак і сваё заканчэнне. У адзін светлы дзень пад Шэрым мостам у праходзе-праездзе мінакі знайшлі труп Белага чалавека. Побач з трупам ляжалі дзве пластыкавыя шклянкі і напалову поўная бутэлька белай. Дасведчаныя людзі распавядалі, што адзін мужчына, якога спакусіў гарэлкай Белы чалавек, усё ж кінуў піць. Мужчына той піў, не спыняючыся, тры гады, тры месяцы і тры дні. Мужчына той сабраў волю ў кулак, заціснуў волю ў кулаку і піць кінуў. Ён кінуў піць і пайшоў пад Шэры мост. Ён узяў нож і пайшоў пад мост, бо ведаў, што Белы чалавек ізноў паспрабуе спакусіць яго белай і горкай. Чалавек сапраўды паспрабаваў спакусіць мужчыну паўнюткай шклянкай горкай і белай, за што і атрымаў нажом у жывот. Пад Шэрым мостам мінакі знайшлі скурчанага Белага чалавека з нажом у жываце. А таго мужчыну, які пад Шэрым мостам зарэзаў Белага чалавека, так ніхто не знайшоў і не затрымаў. Таму дробныя феміністкі пачалі казаць, што забойства спакушальніка пад Шэрым мостам здзейсніла жанчына. Ды хто ж паверыць дробным феміністкам у нашай сталіцы?
07kiepka

(no subject)

Караткевіч і Барадулін

Аднойчы Караткевіч выпіваў з Барадуліным. Караткевіч моцна ахмялеў і падарыў Барадуліну свой верш пра Вільню:

Каб не страціць сваіх надзей,
Каб не страціць сваёй ягамосці –
Трэба ў Вільні бываць часцей
Варта ў Вільні бываць не госцем.

Раніцаю Барадулін працверазеў і знайшоў у кішэні паперчыну з вершам пра Вільню. Барадулін падумаў, што верш ягоны, але патрабуе пераробкі. Пераробка выйшла такая:

Трэба дома бываць часцей
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарствець,
Каб не страціць святое штосці…
07kiepka

Залатая літара 2009

Залатая літара 2009

1. Якуб Колас “Збор твораў”, шосты-сёмы-восьмы-дзевяты тамы;
2. Міхась Скобла “Акно для матылькоў”;
3. Алесь Разанаў "Пчала пачала паломнічаць";
4. Уласік Смаркач і Сірошка Пістончык "Йопыты";
5. Артур Клінаў “Дванаццаць”;
6. Сяргей Календа“Помнік атручаным людзям”;
7. Андрэй Федарэнка "Нічые";
8. В.І. Уласевіч і Н.М. Даўгулевіч "Слоўнік новых слоў беларускай мовы";
9.Малгажата Ноцунь і Анджэй Бжэзецкі "Зрабаваны народ";
10.Таццяна Бембель, Аляксандр Калбаска і Аляксандр Радаеў "Вильна/Wilno/Вильнюс/Vilnius і беларускія мастакі ў ХХ стагоддзі";
11. А.І. Бельскі і М.А. Тычына "Беларуская літаратура 11"

Склаўся такі спіс беларускіх кніжак, найбольш цікавых мне і маім узаематаварышам у Жывым Часопісе. Вітаюцца розныя дапаўненні і ўсялякія меркаванні.