January 30th, 2010

07kiepka

(no subject)

Чорная канапа

Казку пра Чорную канапу я пачуў у скульптурнай майстэрні. Туды сабраліся паэты каб пагаварыць пра жахлівыя гісторыі ды пачытаць свае вершы пра жудасці. Было вусцішна, змрочна і напружана. Хай сабе і пілася гарачая гарбата, хай сабе і еліся цукеркі ды салёнае печыва з сырам, а змрочныя настроі не пакідалі майстэрню пазастаўляную гіпсавымі галовамі. Каб не казка пра Чорную канапу, я б наогул падумаў, што змарнаваў вечар, прасядзеўшы сярод гіпсавых залысінаў, гіпсавых падбароддзяў і гіпсавых патыліц. Добрую казку распавяла дзяўчынка ў вялізных акулярах… У нашым горадзе жылі-былі тата, мама і дачка. Аднойчы яны купілі Чорную канапу. Яна была такая шырокая, такая мяккая, такая бліскучая, што дачка прасіла бацькоў, каб яны дазволілі ёй паспаць ноч на новай канапе. Але маці сказала, што першую ноч на новай канапе паспіць тата. Раніцай, калі ўсе прачнуліся і сабраліся паснедаць, высветлілася, што таты нідзе няма. Сямейнікі падумалі, што тата прачнуўся рана-рана і пайшоў на працу. Увечары, адпачыць на Чорнай канапе прылегла мама, яна прылегла толькі крышку адпачыць ды моцна заснула. Наступным ранкам, дзяўчынка прачнулася ў кватэры адна. Яна пашукала і пагукала бацькоў, але ні тата ні мама не адгукнуліся і не знайшліся. Дзяўчынка паклала на Чорную канапу сваю любімую ляльку і села снедаць. Дзяўчынка ўжо даядала апошнюю лыжку рысавай кашы, калі ўбачыла, як Чорная канапа праглынула ляльку. Дзяўчынка перапужалася, бо зразумела, што Чорная канапа праглынула не толькі ляльку, а яна – людажэрка – праглынула тату і маму. Дзяўчынка патэлефанавала міліцыянтам і распавяла пра людажэрства Чорнай канапы, якая з’ела яе тату, маму і любімаю ляльку. Міліцыянты здзекліва пасмяяліся з расповядаў дзяўчынкі. Тады яна ўзяла цацачнага мядзведзя, засунула яму глыбока ў жывот востры нож і паклала цацку на Чорную канапу. Тая з’ела мядзведзя. Чорная канапа праглынула цацку разам з нажом і здохла. Дзяўчынка патэлефанавала дзеду. Ён хутка прыехаў, завалок дохлую канапу на сметнік і там яе кінуў. Дзяўчынка пераехала жыць да дзеда з бабай… Такую казку распавяла ў скульптурнай майстэрні дзяўчынка ў вялізных акулярах. Раней я ніколі не чуў, каб у казках міліцыянты пасміхаліся з перапалоханай дзяўчынкі, таму і занатаваў гэтую жахаўку пра Чорную канапу.