January 25th, 2010

07kiepka

(no subject)

z Заняткі і адмаўленні

Увесь час я зарабляю грошы розным чынам. Быў настаўнікам малявання, рэстаўратарам манументальнага жывапіса, кніжным-графікам, тэлевядучым, журналістам у аддзеле сацыяльных праблем, паэтам, перакладчыкам, празаікам, кінасцэнарыстам, выдаўцом, выкладчыкам паэтыкі лірычных мініятур, калумністам… Але, абіраючы новы занятак, я не пакідаў без увагі папярэднія захапленні і заробкі. Ад рэстаўрацыйнай працы я адмовіўся, усе астатнія заняткі яшчэ прысутнічаюць у маім жыцці. Варта было б падкараціць спіс заняткаў, ды ён не падкарочваецца. Наадварот, я задумваюся над тым, чым бы яшчэ сябе заняць.
07kiepka

(no subject)

z 2010-1983. Ядзя Навуменка і фашыст

У Беларусі мала хто адрознівае фашыстаў ад нацыстаў. Ну не папулярныя ў нас творы розных нацыяналістаў, кшталту Эрнста Юнгера, з іх праблемамі вайны і рэвалюцыі, з іх недаверам да асветы, з іх бачаннем вялікай розніцы паміж фашыстамі і нацыстамі. Для татальнай большасці беларусаў усе нацысты і фашысты на адзін твар. Пра гэты твар я згадаў сягоння, калі пачуў тупат дзіцячых ног у сябе над галавою. Туп-туп-туп з калідора на варэльню, туп-туп-туп з варэльні ў залю. Туп-туп-туп цэлы вечар дзяўчынка бегае ў суседскай кватэры зверху. І мне згадаўся скандал, які ўшчала Ядзя, жонка акадэміка Івана Навуменкі. Ядзя лямантавала на ўвесь пад’езд, бо мой сын – пяцігадовы Мікалай – нібыта таптаўся па галаве акадэміка, які працаваў над раманам пра летуценніка. Удзельнік вайны з фашызмам, народны пісьменнік, ордэнаносец, акадэмік працаваў, а яму заміналі. Таму Ядзя, баронячы спакой свайго мужа, аблаяла мяне і маю жонку апошнімі словамі, а нашага сына абазвала фашыстам. Ну бегаў хлопчык па кватэры. Бегаў. Тупатаў. Дзіця, яно і павінна бегаць, павінна тупатаць, яно – жывое. Не! Усчаўся лямант, палілася лаянка, пасыпаліся праклёны і абразы. Калі дайшло да “фашыста”, давялося казаць, што Ядзя – дурніца поўная. А калі яшчэ раз яна напалохае крыкамі ды лаянкаю маё дзіця, атрымае аплявуху. І пляваць я хацеў на тое, што жанчына, і на тое, што выкладчыца гісторыі КПСС, і на акадэміка яе мне напляваць, бо дзіця палохаць нельга. Праз пару тыдняў мы ўсе замірыліся, бо суседзі, бо не так і гучна тупатаў наш Мікола, і не так і моцна той тупат замінаў акадэміку пісаць лірычную прозу пра летуценніка. І сягоння мяне тупат у кватэры наверсе парадаваў, бо ў пакоі, дзе нядаўна памёр сусед Валодзя, з’явілася трохгадовае дзіця, і яно рухавае і вясёлае. Дзяўчынцы тры гады, і яна, канешне, не адрознівае фашыстаў ад нацыстаў, як і татальная большасць беларусаў. Не адрозніваюць? Ну і хай сабе!