January 23rd, 2010

07kiepka

(no subject)

Зоркі і дарогі

Пад Вільняй, у лесе я паглядзеў на зорнае студзеньскае неба. Так шмат зорак, зорачак і зорных туманнасцяў я бачыў ў жыцці толькі адзін раз. Некалі даўно, у дзяцінстве, таксама на лясной дарозе, пад Заслаўем, я пабачыў безліч зорак і зорачак у жнівенскім моцна-сінім амаль што суцэльна-чорным небе. У тую зорную ноч на той падзорнай дарозе мяне збіў матацыкл. Ён мяне збіў, а сам з’ехаў. Колькі я праляжаў на ўскрайку дарогі і колькі глядзеў на дробныя і буйныя зоры? Цяжка сказаць. Добра, што ніводная костка ў маім целе тады не пераламалася і не трэснула. Гэтым разам я даехаў пад зоркамі з Вільні ў Менск хутка і без прыгодаў.
07kiepka

(no subject)

2010. Рая, светлы пакой і розныя паэты

У метро сустрэў паэтку Раю. Яна паказала мне шчарбіну ў роце і сказала, што заўтра ёй паставяць новы зуб. А яшчэ Рая распавяла, што днямі страціла на некалькі імгненняў прытомнасць і апынулася ў светлым пакоі. Тамака было вакно і белая фіранка, якую ўздымаў вецер. У пакоі былі людзі. Яны стаялі сагнуўшыся. Раіса паказала мне, як стаялі сагнуўшыся людзі ў светлым пакоі. У гэты момант да нас наблізіўся паэт Мікола. У рухах ён нёс вялікі жалобны вянок. “Хто памёр?” – спытала Раіса і разагнулася. “Валодзя!” – “Які Валодзя?” – “Марук!” – у адзін голас адказалі ёй я і Мікола. Я адразу здагадаўся, што памёр Валодзя Марук. Два месяцы таму я сустрэў яго каля метро ў гэтым жа падземным пераходзе. Ён распавёў мне гісторыю пра свае вершы. Ён гаварыў так, нібыта ведаў, што мы з ім бачымся і гаворым апошні раз. Ён расказваў мне сваю таямніцу так, як можа расказваць толькі паэт паэту, калі ведае, што размова апошняя. Я запісаў гісторыю пра нашу сустрэчу і надрукаваў яе ў газеце. Валодзя патэлефанаваў, каб выказаць мне сваё абурэнне. Ён абураўся, а я слухаў ягоныя непераканаўчыя абурэнні і думаў, што мы з ім ужо не ўбачымся. Чаму я так думаў? Зрэшты, выбачацца я не стаў, бо напісаў усё так, як было. Праз паэта Сцяпана Валодзя Марук зрабіў захад, каб мы з ім памірыліся. І мы б абавязкова памірыліся, каб не лёс. Валодзя памёр, але я і ім паспеў час нашае апошняй сустрэчы пагаварыць шчыра, як паэт з паэтам.