January 22nd, 2010

07kiepka

(no subject)

Малы Цемрык і цвік-страла

Мужчына заўважыў Малога Цемрыка краем вока. Мужчына зайшоў у цёмнае памяшканне, запаліў святло і пабачыў, як Малы Цемрык пабег на танюткіх ножках у чорны закутак, пад батарэяю. Тамака Цемрык і прапаў, як заўжды. Не тое каб ён моцна раздражняў мужчыну, ці палохаў яго сваімі нечаканымі з’яўленнямі. Не. І шкоды ніякай вялікай Малы Цемрык не ўтвараў, але мужчына вырашыў прыбіць пачварку. Мужчына задумаў прыстрэліць Малога Цемрыка, а каб той не круціўся пад нагамі. Мужчына зрабіў невялічкі арбалет, які мог выстраліць цвік-стралу з такой сілаю, што дошка ў тры сантыметры таўшчынёю лёгка прабівалася навылёт. Мужчына зайшоў у цёмны пакой, пстрыкнуў выключальнікам, навёў арбалет на Цемрыка і пусціў стралу. Цвік прабіў Малога Цемрыка і напалову загнаўся ў бетонную сцяну. Чорная, як нафта, кроў хутка выцякла з маленечкага чалавечка. Мужчына сабраў кроў анучай, якую запхаў у цалафанавы пакет разам з вялым цельцам застрэлянай пачваркі. Мужчына першы раз пашкадаваў Малога Цемрыка ў той момант, калі пакет выкідаўся ў смеццеправодную трубу. Другі і апошні раз ён пашкадаваў Цемрыка, калі абцугамі вырываў са сцяны цвік-стралу.