January 15th, 2010

07kiepka

(no subject)

z Снег і цыгарэта

Іду праз двор-калодзеж і куру. Неба хмурнае. Пад нагамі па-вясноваму брудны снег. Накіроўваюся да цёмнай аркі… Якога чорта я куру? Я ж два тыдні пратрымаўся без цыгарэт, а тут закурыў. І закурыў я механічна, не задумваючыся, выцягнуў з кішэні цыгарэту з запальнічкаю і закурыў! Які ж я – дурыбас! Цыгарэту недапаленую я кінуў на снег і вырашыў нікому не казаць пра тое, што закурыў. Нейкі час можна падманваць іншых, але ж сябе не падманеш. Сам жа я ведаю, што не стрымаўся і закурыў у двары-калодзежы, і цяпер кідаць паленне тытуню давядзецца зноў наноў… Прачнуўся я з цяжкай галавою і ў змрочным настроі. Мусіць у снах я ўсё яшчэ пакурваў. У рэальнасці я кінуў паліць, а ў снах курыў. Але цяперака я і ў сне асудзіў сябе за нястрыманасць і курэнне. Цяпер і ў сне кінуў курыць, што добра.
07kiepka

(no subject)

z 1992. Петрашэўскі і плямкі

Андрэй Петрашэўскі запрасіў мяне ў госці. Ён з гонарам паказаў сваю мэблю і свой посуд. Паказваючы посуд, ён пачаў распавядаць пра мыццё крыштальных чарак… Іх трэба мыць раз на месяц, нават, калі ты імі не карыстаешся, бо на донцах утвараюцца плямкі. Там збіраецца вільгаць, а на вільгаць асядае пыл. Чарка з плямкаю на донцы – рэч недапушчальная ў гаспадарцы… Я выслухаў Андрэйку, пахваліў ягоную адпаліраваную мэблю і цудоўна павымываныя чаркі. Потым мы выпілі гарэлкі і павячэралі. Больш Андрэй Петрашэўскі не запрашаў мяне ў госці, і я пра гэта зусім не шкадую.