January 2nd, 2010

07kiepka

(no subject)

z Час і Чаплін

Навокал навагодняе свята. Яно засыпана лічбамі, гадзіннікамі і датамі. Як тут не паўглядацца на тонкія вусікі гадзіннікавых стрэлак? Як тут не задумацца пра няспынны кругазварот, у якім усё нараджаецца і ўсё памірае, нараджаецца, каб памерці, і памірае, каб нарадзілася новае. З новым годам! З новым часам! Новы час, нараджае новы стыль. А што ёсць стыль? Стыль і ёсць час. Стыль мацнейшы за чалавека, за асобу і яе перакананні. Не? Тады пытанне… Чаму ж у Адольфа Гітлера былі вусікі Чарлі Чапліна?
07kiepka

(no subject)

Белая нітка і новая сталіца Беларусі

Казку гэтую я пачуў ад сваёй бабы Броні. Пачуў я казку пра Белую нітку даўно, пачуў і забыўся, а тут пабачыў кончык звычайнай чорнай ніткі, што вытыркалася з-пад гузіка на кашулі, пабачыў і пацягнуў за яго. Ёсць у кончыка ніткі такая якасць – прымушае пацягнуць. Трэба ці не трэба, а пацягнеш. Пацягнуў і выцягнуў усю нітку з гузіка, ён адваліўся ад кашулі, упаў на падлогу, падскочыў і пакаціўся пад канапу. Давялося класціся на падлогу і даставаць гузік. Дастаў, тут і згадалася казка пра хлопчыка пастуха, які пасвіў авечкі каля возера Свіцязь. Падыйшоў хлопчык да возера, а вада ў Свіцязі чыстая-чыстая, светлая-светлая, празрыстая-празрыстая. І ўбачыў пастух Белую нітку на вадзе ў Свіцязі. Узяў хлопец канец ніткі і пачаў цягнуць, а нітка цягнецца і цягнецца, цягнецца ды не сканчаецца. Пачаў пастух змотваць Белую нітку ў клубок. Калі зматаў ён клубок памерам з гусінае яйка, пабачыў як з возера пачаў выплываць горад. Хлопчык цягне нітку і выцягвае з-пад вады цэлы горад з палацамі ды касцёламі, з цэрквамі ды кірмашамі… У горадзе тым народу процьма, і ўсе вясёлыя… Адно што сабака злы выскачыў з пад крамнай брамы ды паляцеў з брэхам наўпрост на пастуха. Той спалохаўся, кінуў клубок у Свіцязь і пачаў уцякаць. Адбегся, азірнуўся, а горад ужо зноў схаваўся пад азёрнай вадою. Людзі кажуць, што каб хлопец не змотваў Белую нітку ў клубок, а прывязаў яе да сасны, дык чароўны горад Свіцязь так і застаўся б стаяць, а Беларусь атрымала б новую сталіцу. Чарадзейства чарадзействам, а пакуль сталіца ў нас усё яшчэ старая, давядзецца мне простай ніткай прышыць да простай кашулі просты гузік.