December 31st, 2007

07kiepka

(no subject)

Хованка

Спытай: якая самая беларуская гульня? Адкажу: хованкі. Усе хаваюцца, адзін шукае. Усе любяць хавацца, і ніхто не хоча шукаць. Так у нас склалася, такая ў беларусаў завядзёнка. Падмануць, перагуляць таго, хто спрабуе нас знайсці – асноўная задача ў хованках. Шукаць у нашай гульні можна толькі пад прымусам. Ніхто не хоча быць пашукавіком, а таму дзеці прыбягаюць да дарослых і просяць пагуляць іх у хованкі, дарослыя лягчэй пагаджаюцца шукаць, дарослыя робяць толькі выгляд, што шукаюць, але дзяцей гэта амаль задавальняе. Прынамсі, яны хаваюць сваю незадаволенасць да пэўнага моманту, да таго моманту, калі не знаходзіцца сапраўдная хованка, такая хованка, што і дарослы можа прайграць.

Так і згуляў у хованкі мой унук – Вова – са сваімі бацькамі.

У віленскім гіпермаркеце “Акраполіс” Вова схаваўся за ружовы кадылак. Пакуль бацькі – Мікола з Юляю – разглядалі марозіва, якім напоўнены той чароўны кадылак, пакуль яны абыходзілі машыну, ад аднаго выгляду якой заплакаў бы сам рок-кароль – Элвіс Прэслі, пакуль прадавачка старана ўпрыгожвала марозіўнымі шарыкам вафельныя ражкі, іх сын знік. Мікола з Юляю тры разы абабеглі ружовы кадылак, але Вовы не знайшлі.

У гіпермаркеце ладзіліся перадкалядныя разпродажы, народу было процьма. І тут уся вясёлая пазітыўнасць ператварылася для маіх дзяцей у хваравітую негатыўнасць. Стракатасць і какафонія абрынуліся на Юлю з такой сілаю, што з ёю здарылася істэрыка. Мікола разгубіўся. Ён не ведаў, што рабіць найперш: шукаць сына ці супакойваць жонку?..

Напэўна, у кожнай сям’і ёсць свае гісторыі пра хованкі і пра згубленае дзіця. Была такая гісторыя і ў нашай радзіне, але я яе не любіў расказваць, бо мне падаваўся малаэстэтычным яе антураж. Я настолькі не любіў савецкія парады і дэманстрацыі, што ніколі не расказваў пра іх сваім дзецям. А драматычныя падзеі разгортваліся якраз падчас Першамая. Мае сваякі – Іван ды Каміля Мілько – разам са сваімі сынамі Віцікам ды Шурыкам прыехалі з Койданава ў Менск паглядзець на першамайскую дэманстрацыю.

Сотні тысячаў людзей пашнураваліся ў калоны і пад чырвонымі сцягамі пайшлі па цэнтральнаму праспекту. Іван ды Каміля, Віцік ды Шурык ішлі разам з усімі, яны прайшлі ад Дому ўрада да маста праз Свіслач. Менавіта на мосце Каміля заўважыла, што Віцік ідзе адзін, а Шурака нідзе няма. Цэлы дзень і цэлую ноч Каміля Мілько шукала сына. Іван з Віцікам вярнуліся ў Койданава, а Каміля засталася ў Менску. Дапамагаў ёй пошуках наш далёкі сваяк – Тарасевіч. Ён працаваў галоўным бухгалтарам у радзе мінітраў і далучыў да пошукаў усіх, каго толькі змог знайсці ў святкавальнай куламесе.

Каміля сядзела каля тэлефона ў кватэры Тарасевічаў, калі туды патэлефанавалі з міліцыі. Раніцай у міліцыю Шурыка прывяла жанчына на моцным падпітку. Каміля ледзь было не пабіла тую жанчыну, звінаваціўшы яе ў крадзяжы хлопчыка. Але жанчына аблаяла Камілю Мілько апошнімі словамі, бо мела на тое поўнае права.

Падзеі са знікненнем шасцігадовага Шурыка апранутага ў новы матроскі касцюм выглядалі наступным чынам… Каля цырку Шурык адыйшоў ад Віціка да купкі дзяцей з паветранымі шарамі ў руках. Разам з гэтымі дзецьмі ён і пайшоў далей. Тыя дзеці з бацькамі перайшлі мост праз Свіслач і ўздоўж рэчкі прайшлі ажно да возера. Там у прыватным дамку было шматлюднае застольле, і ўсе думалі, што Шурык адзін з суседскіх дзяцей. Яго нават спаць паклалі, так і не спытаўшы хто ён і адкуль. Пра тое ў Шурыка запыталі толькі раніцай і, пачуўшы пра нейкае Койданава, павялі ў міліцыю.

Наш Шурык Мілько не спалохаўся зусім. Усе перапужаліся, пералякаліся, перакалаціліся ды сплакаліся да ікаўкі, а Шурык, як быў жыццярадасны так такім і застаўся. Спакой і жыццялюбства Шурыка мяне здзіўляла ўсё жыццё. Нават калі яго забралі ў войска і завезлі ў Александрыю, дзе ён займаўся супрацьпаветранай абаронаю і ўстаноўкаю ракетаў, Шурык застаўся спакойны. Ён спакойна распавядаў, як савецкіх салдатаў грузілі ў нафтавыя танкеры. Салдатаў везлі ў Егіпет і з Ёгіпту ў смярдзючых танкерах, каб схаваць іх удзел у вайне супроць Ізраіля. Мяне ж тады зусім не цікавілі хованка ў танкеры, мяне хвалявалі піраміды і пахаваныя ў іх фараоны. “Якая яна – піраміда?” – спытаў я ў Шурыка. “Якая, якая… Калі падыйдзеш да яе ўшчыльную і зірнеш на вяршыню, дык салдацкая пілотка з галавы зваліцца…” Такое апісанне мяне здзівіла, а яшчэ больш мяне падзівілі парнаграфічныя фотакарткі, якіх Шурык прывёз з Егіпту цэлы пачак. Шурык картачкі мне не паказаў, ён іх схаваў на гарышчы, а я знайшоў і наглядзеўся да млосці. Я нават намерваўся скрасці некалькі порнакартак, але перадумаў, бо не захацеў крыўдзіць Шурыка, хацеў захаваць з ім добрыя адносіны, і захаваў на доўгае-доўгае жыццё.

А гісторыю пра дэманізм першамайскай дэманстрацыі і згубленага на ёй хлопчыка, я цяпер распавёў сваім дзецям. Расповед мой быў, відавочна, запознены, бо іх усё яшчэ хвалявала сваё ўласнае здарэнне ў гіпермаркеце…

Хаванне за ружовым кадылакам нашаму Вову падалося недастаткова надзейным, і ён перабег за натупную вітрыну, а з-за яе – за наступную, а потым ён прабег палову “Акраполісу”, бо спадзяваўся, што бацькі бачаць яго і крочаць следам. Калі ён спыніўся ды азірнуўся, калі ніякіх бацькоў і блізка нідзе не было, Вова разгубіўся і зарумзаў. Сердабольная жанчына завяла хлопчыка да ахоўнікаў, і тыя далі абвестку па радыё.

Юля сказала, што самы шчаслівы момант у яе жыцці быў тады, калі яна зноў убачыла згубленага сына, а той пабачыў яе і, вырваўшы сваю руку з рукі ахоўніка, пабег-паляцеў ёй насустрач.
07kiepka

(no subject)

Z 1984… Стральцоў і грыбы

Міхась Стральцоў пагадзіўся напісаць новую прадмову да майго, забароненанага савецкімі цэнзарамі, зборніка вершаў. Я зайшоў да яго, каб абмеркаваць далейшы лёс нешчаслівай кніжкі. Стральцоў прачытаў мне прадмову, і мы выйшлі на гаўбец перакурыць. Быў цёплы сонечны дзень ранняй восені. “Трэба нам з табою ў грыбы выбрацца. Я тут, пад Ракавам, ведаю грыбныя мясціны…” – Стральцоў расказваў і расказваў пра нашую паездку ў лес, а я думаў зусім пра іншае. Якія грыбы? Што гэта за падлеткаўскія летуценні? Не паеду я ў грыбы. Трэба працаваць: пісаць карціны, афармляць кнігі. Трэба грошы зарабляць. “Калі паедзем?” – спытаў Стральцоў. “Не ведаю…” – “Як знойдзеш час, заходзь, і мы паедзем…” Не знайшоў я час, і мы не выбраліся ў грыбы, і я не ведаю грыбных мясцінаў пад Ракавам. Стральцова даўно няма. Часам я перачытваю ягоныя вершы і кожнага разу шкадую, што не схадзіў з ім у тыя грыбы.