December 28th, 2007

07kiepka

(no subject)

z 1990. Нацэўскі і душа

Загаварыў я з Нацэўскім пра душу. Так бывае: вып’еш, абгаворыш з добрым сябруком усё чыста, а калі нічога не застанецца, згадаецца душа. З Нацэўскім можна пра такое гаварыць, мы з ім у касцёле працавалі. Тым разам ён сам пра душу і расказаў. Устаў ён раніцаю, прыняў душ і разкашляўся, кашляў ён кашляў ды так кашлянуў, што душа і выкашлялася. Выляцела з рота сівенькай аблачынкаю і разарвалася ў паветры на дробныя шматочкі. Перапужаўся Нацэўскі свайго абездушвання і пайшоў да доктара. Той выслухаў і папрасіў дэталі згадаць. Нацэўскі ўспомніў, што душа ягоная была смярдзючай, і патыхала ад яе тытунёвым дымам. Доктар параіў Нацэўскаму кінуць паліць, і патлумачыў пра нейкую закаркаванасць часткі лёгкага. Маўляў, Нацэўскі раніцаю выкашляў цыгарэтны дым, якім надыхаўся ўвечары. З доктарам давялося пагадзіцца і Нацэўскаму, а за ім і мне; толькі нейкі глыбінны страх, што сваю душу можна выкашляць так і застаўся і ў мяне і ў сябрука майго - Нацэўскага.