December 19th, 2007

07kiepka

(no subject)

2007. Жонка і кава

Піць каву позна ўвечары – справа кепская. Ведаю, а п’ю. Ну а што яшчэ рабіць, калі гасцей поўны дом, калі ўсе яны п’юць віно, а ты віна не п’еш? Напіўся я кавы і пайшоў серыял пра мафію глядзець. Пакуль я глядзеў, як італьянцы жывуць і крыміналяць у Амерыцы, госці сышлі, а жонка легла спаць. Толькі легла яна ўпоперак ложка. Госці, стома, віно, я разумею яе. Паглядзеў я на ложак з жонкаю і сышоў у студыю. Перабраў я кавы. Відавочна. Гадзіна ночы, а сну ні ў адным воку. Зайшоў у студыю, думаў пагартаю кніжкі, пачытаю ці памалюю. Дзе там… Святла ў студыі няма. Адно ліхтары заваконныя свецяць. І ў святле заваконных ліхтароў я пачаў разглядаць свае новыя карціны, і падаліся яны мне лепшымі, так я супакіўся, з тым і заснуў.
07kiepka

(no subject)

z АВС літаратуры – 2

Найлепшае, з напісанага і намаляванага мною, прыйшло да мяне перад сном. Ёсць некалькі імгненняў, калі ты знаходзішся паміж рэальнасцю і сном; для мяне яны самыя каштоўныя і самыя творчыя. Тваё цела ўжо амаль адсутнічае, а розум яшчэ не прыняў знікненне намацальнай рэчаіснасці, ён яшчэ тут, ён яшчэ малюе апошнюю харошую мясціну, апісвае астатні найкаштоўнейшы фрагмент з усяго перажытага. Далей – небыццё сноў. Яшчэ далей – раніца з цялеснымі практыкаваннямі, дзень з працаю ды вечар з адпачынкам. А перад сном, перад самым сном трэба знайсці апошнія сілы ды на маленькім кавалку паперы напісаць слова ці некалькі словаў пра найлюбімейшае ў тваім свеце. Трэба накрэмзаць кароткі ліст самому сабе, каб раніцай ведаць пра сваё найлепшае, каб удзень помніць і каб вечарам не забыць.