December 15th, 2007

07kiepka

(no subject)

2007. Жан-Луі і старшынства

Схадзіў у французскую амбасаду. Пазнаёміўся з дарадцам па супрацоўніцтву і культуры – Жан-Луі Пелетанам. Пагаварылі мы пра Францыю, якая рыхтуецца стаць старшынёю ў Еўразвязе. Францыя рыхтуецца… А Беларусь? Да чаго рыхтуецца Беларусь? Ніхто з беларускіх дарадцаў мяне нікуды не запрашаў і пра падрыхтоўкі да старшынстваў не гаварыў. Таму я не ведаю да чаго рыхтуецца афіцыйная Беларусь. Але ж я ведаю пра падрыхтоўку Францыі, і чым змагу тым дапамагу ёй у гэтай справе. Чаму не? Хіба я не еўрапеец? Еўрапеец.
07kiepka

(no subject)

Душа

У чалавека няма душы…

Яе няма да таго моманту, пакуль чалавеку не стане кепска. Яму мусіць зрабіцца так маркотна і невыносна жыць, што ўвесь навакольны свет пацямнее, цела зробіцца непатрэбным і тады… Гэта як з болем, які выразна абмалёўвае хворае месца. Табе няма ніякай справы да ўласнай ключыцы. Ёсць у цябе ключыца ці няма той ключыцы? Бяз розніцы. І раптам ты няўдала ўпаў і зламаў ключыцу. Аказваецца: у цябе ёсць ключыца. Яна страшэнна баліць. Ключыца робіцца больш значнай за ўсё астатняе цела. Цяпер ты ведаеш пра ключыцу ўсё. Так і з душою, пакуль ты роўна дыхаеш, пакуль справы твае ідуць добра, пакуль ты зламаў толькі ключыцу, ты не адчуеш сваёй душы. Можа ты яе ніколі і не адчуеш, а пражывеш доўгае спакойнае жыццё. Я нават табе пажадаю такое бяздушнае жыццё з дабрабытам і весялосцю. І сабе я такое жыццё жадаю, бо жыць у канфлікце з уласнай душою цяжка. Я не збіраюся цябе ні ў чым пераконваць, не буду цябе і агітаваць, проста распавяду пра свае стасункі з уласнай душою і ўсё.

У маладосці я быў страшэнна канфліктным чалавекам, да зшэрхласці скуры я ненавідзіў ілжывасць. Таму перад тым, як выдаць дыплом пра заканчэнне акадэміі мастацтваў, мяне паклікалі на кафедру і сказалі, што дыплом я атрымаю, але мастаком не стану, бо ніхто ніколі не замовіць мне ніводнага роспісу і не купіць у мяне ніводнай карціны. У той час пагроза была звышрэальнай, бо мастацкі свет быў упарадкаваны і замкнёны сам на сябе, як і ўся імперыя. Мяне выштурхнулі з афіцыйна-мастакоўскага асяроддзя. Я басцяўся па горадзе ў пошуках працы. Васемнаццаць гадоў я старана правучыўся на мастака, атрымаў два дыплома і апынуўся незапатрабаваным. Куды я не звяртаўся, паўсюль чуў адмовы. Паабяцаная забарона на прафесію ўцялеснілася. Як утрымліваць сям’ю? Як карміць дваіх дзяцей? Як жыць? Не ведаў. І тут мне прапанавалі працу журналіста, я прасіў працу мастака ў часопісе “Беларусь”, а мне прапанавалі папрацаваць тры месяцы журналістам. У іх прападала стаўка журналіста… Пагадзіўся.

Самае цяжкае для мяне ў той працы было сядзенне ў кабінеце, з дванадцаці да пяці я мусіў сядзець за сталом. Ні пісаць, ні маляваць я там не змог. Нешта нейкае я канешне рабіў, але ўласна працы там было на паўгадзіны, не больш. Пустое сядзенне мяне гняло. Ад гнятлівасці я сыходзіў з кабінета, ішоў казённым калідорам і выходзіў на ганак, каб хвіліну- другую паглядзець на вольны свет. Аднойчы, я прайшоў тым кепска асветленым калідорам і на ганку адчуў, як душа пакідае мяне. Я знямеў. Стаяў, глядзеў на неба і чакаў. Я спадзяваўся, што душа вернецца. Ці прасіў мой розум вярнуцца ў цела маю душу. Хутчэй, не. Я верыў што яна вернецца, і душа вярнулася. З працы ў часопісе “Беларусь” давялося звольніцца. Лепей я ўжо буду працаваць простым афармляльнікам крамных вітрынаў, чым у маленечкім кабінеціку чакаць пакуль душа пакіне мяне назаўжды.

Доўгі час душа не нагадвала пра сябе, я жыў як жылося, пакуль не пачаў напівацца да бяспамятства. Ад п’янак разбурыўся мой сон. Без гарэлкі я не мог заснуць. Я ляжаў у ложку, цела маё было цяжкім, сон не прыходзіў, але і падняцца не было сілаў. І тады мая душа зноў пакінула цела. Цяпер я сачыў за яе палётам. Душа паляцела ў Чырвоны касцёл і села на вітражную ружу. Мне зрабілася лёгка, і я заснуў. Прачнуўся я бадзёрым. У мяне з’явілася радасць за душу, за тое, што цяперака яна ведае сваё месца. І ёй нават не замінала тое, што ў касцёле не было вернікаў і святароў. Яны толькі яшчэ рыхтаваліся да вяртання. Яны вярнуліся і пачалі рапарацыю, яны ладзілі набажэнствы, і я радаваўся за іх, бо верыў, што маёй душы стане толькі лепей, калі ў Чырвоным касцёле адладзіцца кананічнае рэлігійнае жыццё. Я памыліўся. Душа мая адчула чужынскасць, што запанавала ў Чырвоным касцёле. Яна колькі разоў спрабавала падляцець да вітражнай ружы, але не змагла. Нешта-нейкае замінала ёй, штосці трывожыла яе… А цела маё пакутвала ад п’янства. Я кінуў піць. Перапакутваў, змучыўся, але кінуў.

Доўгі час душа не азывалася. А днямі, калі я вяртаўся з працы дамоў, адчуў душэўны неспакой. Было халадна і ветрана, дробны снег сек твар, цела налілося свінцовай стомаю. Ні гарачы душ, ні салодкая гарбата не прагналі маю пятнічную - сабраную за тыдзень - стому. Я лёг і паспрабаваў заснуць. Сон не прыходзіў. Душа выплыла з мяне і паляцеля далёка-далёка, яна паляцела ў Белы касцёл, у той касцёл, дзе я некалі працаваў. Душа заляцела ў вежу і спынілася каля высокага вакна. За ім былі пагоркі засыпаныя снегам, за тымі пагоркамі ляжалі іншыя пагоркі, а за імі – наступныя, і так да самага снежаньскага неба. Мая душа глядзела з вежы на заснежаныя пагоркі, а я засынаў, каб прачнуцца радасным і бадзёрым.

Ці ёсць у цябе душа? Забаліць – даведаешся…