November 14th, 2007

07kiepka

(no subject)

Z 2007. Люда і рабаўнікі

Каб зарабіць вялікія грошы, патрабуецца шанец. Без шанцавання ты, хоць памры, сапраўдны капітал не зробіш. Але Фартуна – жанчына капрызлівая, сягоння яна да цябе павярнулася ўсмешлівым тварком, а заўтра ты пабачыш яе халодную спіну, а пазаўтра можаш апынуцца і пад яе абцасам. Таму мяне заўсёды цікавілі людзі, што не толькі зарабілі шмат, а і змаглі доўгі час ахоўваць і памнажаць заробленае. Зараз я раскажу табе пра Люду і рабаўнікоў.

Калі аднаго разу Люда падыйшла да мяне на прэзентацыі кнігі Сяргея Міхалкова і павіталася, я не ведаў куды падзець вочы. “Валодзя, ты мяне зусім не пазнаеш?” Голас быў нібыта і знаёмы. Але я мог паклясца, што бачу гэтую жанчыну першы раз. “Я – Люда! Я – жонка Яна! Няўжо я так змянілася?” Змянілася? Я здагадваўся пра майстэрства пластычных хірургаў і цудатворства стаматолагаў. Але на свае вочы такое пераўвасабленне пабачыў упершыню. Пабачыў і засаромеўся. Люду мая прысаромленасць пацешыла. “Ян, а Валодзя мяне не пазнаў!” Напэўна, для Яна непазнаванне ягонай жонкі навіною не было, таму ён хуценька перайшоў да спраў будзёных.

Будзёныя справы Яна знітаваны з рухам вялікіх грашовых плыняў у кнігагандлі. Не будзе перабольшаннем сказаць, што кожная чацьвёртая руская кніжка, так ці інакш належыць яму. І апошнія дзесяць гадоў кожная чацьвёртая кніга, што выходзіць па-руску, не можа выйсці без візы Яна. Такія ў Яна справы будзёныя, а ў выходныя… У Яна няма выходных. Але дом пад Масквою ў яго ёсць, дом куды ён нібыта павінен ездзіць на сыботу і нядзелю.

У тым доме, на Рублёўскім шасэ, і жыве Люда з домработніцаю, ахоўнікам і коткаю. На гэты дом і зрабілі напад рабаўнікі. Яны звязалі Люду, ахоўніка, домработніцу і пачалі пытацца пра каштоўнасці. Тут з Людаю здарылася істэрыка. Яна крычала і патрабавала ад рабаўнікоў паказаць ёй яе котку. Яна абвінаваціла людзей з пісталетамі ў забойстве невінаватай жывёлы. Яна заявіла, што пакуль ёй не пакажуць жывую котку, яна нічога не скажа ні пра грошы, ні пра золата, ні пра іншыя каштоўнасці. Рабаўнікі пачалі шукаць котку.

Не ведаю, як тая котка, а мой кот Чарлі можа схавацца ад чужых людзей так, што ты яго і за суткі не знойдзеш.

Пакуль бандыты шукалі котку. Люда развязалася, і гэта ў той час, калі ахоўнік з домработніцай угаворвалі яе не развязвацца і паводзіць сябе ціха. Сумневаў у рашучасці бандытаў ні ў кога не было. Але Люда развязалася, разбіла вакно, выскачыла на двор і ўцякла.

Ці маглі яе застрэліць? Адназначна маглі. Але бандыты не толькі не застрэлілі Люду, яны сышлі з яе дома з пустымі рукамі.

Гісторыю пра Люду я расказаў, каб ты зразумеў, што не так проста абрабаваць людзей, якія маюць вялікія грошы, нават калі ў цябе ў руках зброя, а ў іх толькі любоў да сваёй маленькай коткі.