November 13th, 2007

07kiepka

(no subject)

31.77 КБ

2007. Зялёны і грошы

Зялёны службіста склаў зборнічак чужых вершаў і панашрайбаў да іх каментароў. Вершы, збольшага, дурнаватыя, накшталт такога: “Каханьне, грошы, славы сьверб – мана…” Дурнаватыя, бо ілжывыя. Радок пра ману напісаў чалавек з мянушкаю 5-рублёў. Хіба можа чалавек з паганялам 5-рублёў быць праўдзівы, кажучы: грошы – мана? Ілжэ! І пра каханне ілжэ, бо без кахання жыццё не жыццё.
Зялёны таму і “зялёны”, што пэўных рэчаў яшчэ не разумее.
Ёсць у зборнічку і два маіх верша:

ЦЫГАН

Я душу на пясок растаўку,
Не прадам гадам-цмокам волю,
І траву апяку кроўю-соллю,
Нож халодны аддам жабраку.

Упаду пад сухую сасну,
Пад самотную ў чорным полi,
З хрустам сцiсну кулак да болю,
Вып'ю воцату i засну...

Я прайду праз уласны скон,
Як святло працiнае сон
І як падае з неба камень.

Я прачнуся, вятры гудуць...
І зацiсну я голаў рукамi,
Каб смяротнага крыку не чуць.

КВАДРАТ

Як парад без салдат— не парад,
Так квадрат без вуглоў— не квадрат.
Як футболу патрэбны галы,
Так квадрату патрэбны вуглы.

У квадрата чатыры вуглы.
Хай вялiкi цi самы малы,
А ўсё роўна, як нi павярнi, —
У квадрата чатыры вуглы.

Нi адзiн, i нi тры, i нi пяць...
Можаш плакаць, а можаш скакаць,
Можаш бiцца аб стол галавой,—
Ты не зменiш сiстэмы старой.

Так вучылi i будуць вучыць.
Нi змянiць, нi стрымаць, нi спынiць
Гэты добраахвотны палон,
Гэты самы грунтоўны закон.

У квадрата чатыры вуглы.
Хай вялiкi цi самы малы,
А ўсё роўна, як нi павярнi, —
У квадрата чатыры вуглы.

Час iдзе, час ляцiць, час iмчыць.
Нi стрымаць, нi спынiць, нi разбiць...
Росквiт вызначыць заняпад.
Застанецца нязменны квадрат.

Ганарар я не атрымаў, і выглядае на тое, што не атрымаю, а таму кнігу можаце не купляць за 6 рублёў, бо не каштуе яна столькі. Свае вершы я вам тут бясплатна паставіў, і не па службе, а па фрэнд-дружбе.