November 7th, 2007

07kiepka

(no subject)

Мацюк

Ці ёсць у беларускай мове мат? Хіба гэта важна?.. У белмове ёсць мацюк! Дакладна. У нас маецца мацюк, і не адзін мацюк, а безліч моцных мацюкоў, такіх моцных, што яны здатны з жанчыны зрабіць мужчыну. Доказы? Зараз будуць… Пачну з Масквы – гнязда рускіх шматпавярховых матаў. Запрасілі мяне туды на фестываль сусветных культур. Карэйцы з манголамі, палякі з немцамі, венгры з уетнамцамі фестывалілі па поўнай праграме. У балгарскай амбасадзе культурны інтэрнацыянал дарваўся да ракіі. Першую паўлітровую пляшку я выпіў з хахлом Гырнікам, другую выжлукціў з маскалём беларускага паходжання Казакевічам, трэцюю я нёс у кішэні, каб высмактаць з паэтамі метаметафарыстамі. Быў мароз, моцны вецер згінаў людзей напалам, а я ішоў высока ўзняўшы галаву, бо нахіліся я хоць крыху, і ўся мая шматкаштоўная ракія апынецца пад нагамі. Прыйшоў я да паэткі Шчарбіны, паставіў бутэльку на стол, сеў на канапу і ашклянеў. Я ўсё бачыў, усё чуў, усё разумеў але гаварыць не мог. Тагачасны муж Шчабіны – даўгавалосы, падобны да персідскага прынца, юнак – разглядаў мяне як скульптуру антычнага бога. Ён нават пакратаў маю халодную шчаку, і тады да мяне дайшло, што я не толькі абязмоўлены, а нават міргаць не магу. Метаметафарыстаў мой адыёзна-анабіёзны стан не хваляваў, яны абмяркоўвалі апошніі публікацыі сваіх паплечнікаў і ролю рускага будызму. Сярод гудзення галасоў моцна вылучаўся мужчынскі фальцэт напоўнены рускімі матамі. Уладальнік фальцэту кожны свой сказ аздабляў такім сакавітым брыдкаслоўем, што я яму зайздросціў самай што ні ёсць лінгвістычнай зайздрасцю. Калі ж я пабачыў майстра шматаблічнага мату, давялося сабраць рэшткі сілаў і заміргаць. Фальцэт належыў не мужчыне, а жанчыне – Шчарбіне. Гэта яна крыла матам на ўсю ампірную кватэру пазастаўляную высознымі стэлажамі поўнымі неверагодных кніжак, гэта яна ўвойдзе ў гісторыю рускай паэзіі тым, што ўзаконіць прысутнасць мата на старонках літчасопісаў. Яна першая ўбачыць Зігфрыда ў постаці рок-н-рольшчыка Віктара Цоя. Яна шмат чаго зробіць, але мяне ўсхвалявала іншая метамарфоза. Рускі мат здатны памяняць чалавеку пол. Жанчына кажа “ёб вашу маць”, і яна робіцца мужчынам; як у казцы: сказаў “шніп, шнап, шнуп”, і цябе ніхто не бачыць. А ці здатны беларускі мацюк на такое? Ці зможа ён са стрункай дзяўчынкі зрабіць пацана? Пытанне паставілася і забылася, бо я не толькі міргнуў, я вярнуўся ў нармальны жыццясцьвярджальны стан. Я чытаў свае вершы, даводзіў перавагу самога факта над ягонымі трактоўкамі ды каментарамі. Набраўшыся ракіі і нахабства, я смяяўся з пагалоўнага захаплення метафарамі ў самым бярлогу метаметафарыстаў. Як мы не пабіліся? Ці дакладней… Чаму мне не надавалі па падрыльніку? Думаю, што з-за майго інародства ды заземленасці, з-за маёй жлобскай беларускасці, з-за таго, што беларускі мацюк не слабейшы за рускі мат. Пра тую далёкую вечарынку з ракіяй я б незваротна забыўся, каб не паэтка Наста. Я рабіў чарговую марную спробу прышчапіць нашым маладым паэтам любоў да хайку, яны нават панапісвалі трохрадкоўі, але іх сэрцы былі далёка-далёка ад будыскіх каштоўнасцяў. Са студэнтаў пёрлі метафары, з іх вылазілі мацюкі. Наста Манцэвіч напісала такое: “Калі ў вачох цямнее, мне хочацца проста ўкленчыць: “О Божа, хачу да мамы! Да таты хачу на плечы…” Каб апынуцца ў дзяцінстве, як колісь – хавацца ў шафе сярод кажухоў і шапак, цукерку цягаць з буфету ды красці ў суседа слівы…” Цяпер – увага! “…і быць маленькім і лёгкім, і ёб вашу маць, шчаслівым”. Во табе доказ: мацюкнуўся і стаў мужчынам. Во яно няўлоўнае і таямнічае пераўтварэнне – алхімія слова, магія паэзіі. Я шклянею ад такіх відовішчаў, мой светагляд натурала бярэ паўзу. І я забываю пра Шчарбіну і пра Манцэвіч. І я не згадваю пра іх да таго моманту пакуль не пабачу, як праз гастраном ідзе Наста. Яна сціскае ў руцэ грашовую паперку ў двадцаць даляраў, тварок сцяты, пастава скрыўленая болем. Наста кульгае. Мне падумалася, што напэўна так кульгаў скінуты з неба анёл. Анёл кульгаў, плакаў і мацюкаўся…