November 2nd, 2007

07kiepka

дом

2007. Жонка і труп

Сядаем з жонкаю ў наш элегантны “мерседэс”, едзем і маўчым. Я маўчу, бо адчуваю смурод. У салоне смярдзіць нейкай гнілой арганікаю, накшталт рыбы. Смярдзіць так, што я прыадчыняю вакно. “Ты чуеш, як у машыне смярдзіць?” – пытаецца жонка. “Проста не ўдыхнуць не выдахнуць, нейкай арганікаю тхне…” – не гледзячы на дождж, я яшчэ больш адчыняю вакно. “Не арганікаю, а нейкім крэазотам ці бітумам пахне. Напэўна, нешта ў машыне працякло?” – “Не хвалюйся, з машынаю ўсё нармальна. Я табе кажу, што патыхае нечым здохлым… Можа нейкая мыш залезла і здохла, а цяперака засмярдзела?” – “Ты яшчэ скажы, што ў багажніку ляжыць труп…” – “Можаш, гаварыць што хочаш, але водар адпавядае менавіта трупу…” – “Давай спынімся і паглядзім…” – “Не, давай даедзем дадому, а там спакойна абшукаем машыну…” – “Лепей зараз спыніцца, бо пах не арганічны, а нейкі задушліва-масляністы, нешта ўсё ж працякае ў машыне…” – “Ды нічога ў ёй не цячэ! Пахне трупам!” Далей усю дарогу мы ехалі моўчкі, нават музыку не ўключалі. Каля дома, я адчыніў багажнік і пачаў яго аглядаць і абмацваць. Нідзе нічога падазронага. Жонка абшуквала салон: “Знайшла! Гэта ён смярдзіць! Ты толькі на яго паглядзі! Гэта, калі мы тыдзень таму спыняліся ў лесе, я знайшла грыб. Хацела табе паказаць, паклала і забылася. Гэта ж трэба каб грыб так смярдзеў…” – “Можа гэта не ён?” – “Ён!” Нават здалёк я чуў, як ад пачарнелай і гнілой сыраежкі несла смуродам менавіта чалавечага трупа: “Выкідаем гнілы грыб, мыем рукі, ідзем вячэраць...”