November 1st, 2007

07kiepka

(no subject)

Рыжы кот

Мужчына ўсунуў жанчыне ў рот палец. А тая ўзяла ды пракусіла яго. Чаго толькі не здараеццца пад час гарачых любошчаў. “Што я жонцы скажу?” – заныў падкалечаны каханак. “Скажаш: ваш Рыжы кот хапануў!” – каханка хутка знайшла выйсце. Мужчына так і зрабіў. Жонка, не вагаючыся, прапанавала забіць ката. Муж спрабаваў абараніць ні ў чым невінаватую жывёліну, але не змог. Жонка занесла ката да ветэрынара, і той яго ўсыпіў. Выпручаны труп паклаўся ў скрынку з-пад ботаў і закапаўся каля сметніка. Здавалася – гісторыі канец. Ды не… У самую чорную сярэдзіну ночы кот-нябожчык выпаўз з каробкі, прыбег да сваіх былых гаспадароў і перакусіў гаспадыні сонную артэрыю. Гаспадар прахапіўся ад перадсмяротных енкаў і спрабаваў злавіць Рыжага, але не даў яму рады. Кот уцёк. Ён не наталіўся адным забойствам, ён прабраўся ў кватэру ілжывай каханкі і перагрыз ёй белае горла. На гэтым кату можна было б спыніцца, але ён не спыніўся. Ён разгульваў у свеце жывых і назіраў, як мужчыну арыштавалі і абвінавацілі ў падвоеным забойстве, як суд прызнаў яго вінаватым у жорсткім злачынстве. Толькі калі мужчыну пакаралі смерцю, Рыжы кот вярнуўся на сметнік, залез у каробку з-пад ботаў і салодка заснуў з пачуццём выкананых абавязкаў.
07kiepka

(no subject)

Нож

Мне паспрабавалі падарыць нож...

Беларусы не дораць нажы. Беларус можа купіць нож, а ўзяць яго ў якасці падарунка не можа. Канешне, ён можа паквапіцца на падарунак, спакусіцца якасцю нажа і ўзяць яго, толькі ў такім разе беларус мусіць усё адно заплаціць за нож. Хай гэта будуць сімвалічныя рублі, але яны павінны ўдзельнічаць у справе з’яўлення новага нажа. Ты можаш сказаць мне, што ўсё гэта забабоны і цемрашальства. А я магу з табою пагадзіцца. Але ёсць традыцыі, якія прыйшлі да нас ад дзядоў і прадзедаў. Традыцыі варта паважаць. Традыцыйна беларус звяртае вялікую ўвагу на новы нож і правільна робіць. Не буду сыходзіць у абстрактныя абагульненні, а раскажу табе пра свае адносіны і гульні з нажамі.

Колькі я сябе памятаю, у мяне заўсёды былі нажы. Вучыўся я ў такой школе, куды ўсе хлопцы хадзілі з нажом у кішэні. Адны мелі самаробныя фінкі, іншыя абыходзіліся ножыкамі набытымі ў краме. Таму я не вельмі здзівіўся, калі даведаўся, што майго былога аднакласніка – Міколу Панасюгу – зарэзалі каля чыгуначнай станцыі “Радыятарны завод”. Міколу шкада, але ж я не здзівіўся, што памёр ён ад шматлікіх нажавых ранаў. Пасля школы я насіў з сабою нажы каб вастрыць простыя алоўкі. Вастрэнне простых алоўкаў хірургічнымі нажамі мяне супакойвала. У кожнага свой шлях у свет супакаення, у мяне ён знітаваны са скальпелям. Акрамя скальпялёў я накупляў сабе дарагіх нажоў, сярод якіх найлепшы зрабілі ў Іаліі і назвалі яго “Лісіца”. З такой “Лісіцаю” можна на паляванне хадзіць, але я не паляўнічы, таму мая “Лісіца” адно падарожнічае. Яна была і ў Рымені, і ў Рыме, і ў Варшаве, і ў Вільні… Дзе мы толькі з ёю не былі.

З нажом у руцэ я раблюся іншым чалавекам. Адназначна. Нож не проста дадае мне дадатковую якасць, што зразумела, ён ператварае мяне ў іншую істоту жорсткую і крыважэрную. Мой голаў наведваюць такія думкі, ад якіх халадзее сэрцы. Мне хочацца зарэзаць чалавека. Падобнае пачуццё ўзнікае, калі ты стаіш на даху шматпавярховай будыніны, і невядомая сіла цягне цябе скінуцца. Так і тут, вар’яцтва захоплівае розум, і жаданне перарэзаць чалавечае горла робіцца настолькі моцным, што не ведаеш дзе падзецца. Даводзіцца ва ўяўленні ўсаджваць вострае лязо ва ўласную нагу. Нават уяўны боль вяртае яснасць думак, тады я акуратна хаваю нож у скураныя ножны і прагна п’ю ваду. Раней я спрабаваў сваю празмерную агрэсію заліваць гарэлкаю, толькі ад гарэлкі жаданне забіць чалавека рабілася яшчэ большым, яно рабілася амаль непераадольным. Гэта адна з прычынаў чаму я кінуў гарэлку, адна з самых важных нагодаў каб не напівацца. А на цвярозую галаву значна лягчэй утаймоваць прагу забойства.

Зрэшты, я быў цалкам цвярзы, калі антыквар Шура прапанаваў набыць у яго казацкую шашку. Начорта мне тая шашка? Але ж я ўзяў яе ў правую руку і ўзважыў. І тут са мною пачало адбывацца нешта неверагоднае: я на ўласнай скуры адчуў якасны скачок чалавека вайсковага ад каменнага нажа да казацкай шашкі. Я ўзняў яе і з усе моцы секануў паветра. Шашка апісвала дугу, а прад маімі вачыма пралятала ўся гісторыя казацтва з бунтамі, з рэвалюцыямі, са змаганнем за незалежнасць бязмежнага Казакстану пад штандарамі атамана Краснова, які маліўся д’яблу, бо не верыў што Бог дапаможа яму ў вайне. Шашка праляцела ў якім міліметры ад маёй нагі і спынілася. Як я не адсек сам сабе нагу? Чорт яго ведае. Адно зразумела, што Шура мне больш не прапаноўваў ні шашак ні шабляў.

Агнястрэльную зброю мне таксама ніхто не прапаноўваў, дый не люблю я яе. Да стрэльбаў, рэвальвераў і пісталетаў з аўтаматамі я раўнадушны цалкам, хіба што балестычная ракета мяне крыху хвалявала. У нашай сям’і быў чалавек – дзядзька Саньдзя, які ўзначальваў ахову такой ракеты. База мясцілася ў Казахстане. І з Казахстану гэтай ракетаю можна было зруйнаваць Пекін альбо Нью Йорк. Такім маштаб разбурэнняў мяне хваляваў. Але хваляваў ён мяне значна меней чым вострая дзюбка нажа над уласным кулаком. Калі я бачу свой кулак з заціснытым у ім нажом, у мяне ўсяляецца Нажавік – жорсткі бог спрадвечнай вайны.

Мо таму і нельга беларусу прымаць нож у якасці падарунка? Мо таму і трэба плаціць за нож наперад? Я плачу. І гэтым разам я заплаціў жанчыне, якая вырашыла падарыць мне нож. Я заплаціў, паклаў нож у кішэнь, і мы пайшлі на паўзабаронены мітынг.