October 28th, 2007

07kiepka

(no subject)

Z 2006. Зміцер і гімназісткі

На Дзень Настаўніка я сустрэў у горадзе свайго даўняга знаёмага – Зміцера. Апошнім часам ён выкладае гісторыю ў гімназіі, а таму небезпадстаўна быў на добрым падпітку. “Ты толькі ўяві сабе сітуёвіну, – без прывітання пачаў Зміцер, – Па газетнай аб’яўцы я выклікаю сабе вясёлых дзявуль, а да мяне прыязджаюць дзве мае гімназісткі!” Мне зрабілася няёмка, і няёмка не за дзяўчат, а за пяцідзесяцігадовага выкладчыка гісторыі. Ён гэта адчуў, і сказаў, што пажартаваў, маўляў выдумаў гісторыю з гімназісткамі, але мне лягчэй не стала, бо я так і не змог разабрацца ў якім варыянце гісторык ілгаў.
07kiepka

(no subject)

Чорныя крылы

Выходжу ў двор і на поўныя грудзі ўдыхаю п’янкае восеньскае паветра. Такое адчуванне, нібыта я неадрываючыся выпіў шклянку яблычнага віна. Іду пад залатымі каштанамі паўз блакітныя дамкі-вагончыкі будаўнікоў. У маім двары дабудоўваецца вялікі дом, палова двара пазастаўляна гэтымі вагончыкамі-дамкамі. За адным з іх і бачу пару вялікіх Чорных крылаў. Бяру левае крыло, прымерваю. Крыло сядае на руку, як маё. Узмахваю. Бог мой, якое шчыльнае паветра! Як шархацяць пёры ў той дрогкай шчыльнасці?! Слоў няма… Спрабую прымераць-прыладзіць правае крыло, а яно – чужое. Не падыходзіць яно, а я не адступаюся. Тут голас: “Нічога ў цябе не атрымаецца з Чорнымі крыламі!!!” Уздымаю вочы. На будаўнічым буданчыку сядзіць чорт. Апранахі скураныя з безліччу замкоў-маланак, чаравікі важкія, рогі залаціста-лакавыя, скроні паголеныя, вочы чорна-сінія, твар сур’ёзны. Злосць мяне ўзяла: “Ідзі, ты, да д’бла!!!” І прапаў чорт разам з Чорнымі крыламі, адно боль застаўся ў маёй правай руцэ, нібыта я яе чымсці намуляў.