October 16th, 2007

07kiepka

(no subject)

1993. Кацапаў і гарэлка

Дабрыня? Бываю і я добры. Не часта прыходзіць дабрыня ў маю душу, але ж наведвецца, і я выдатна яе адчуваю… Быў дзень позняе восені з марозам і зыркім ранішнім сонцам. Паўночы я піў гарэлку з сябрамі ды сяброўкамі, а паўночы - спаў, не распранаючыся, на караткаватай канапе ў чужой майстэрні. Прачнуўшыся, я адчуў млосць. Нават рознатэмпературны душ не вярнуў яснасць розуму. Я выйшаў на вуліцу і пацёгся ў гастраном па гарэлку, мне падалося, што толькі яна верне мяне ў чалавечы стан. З магазіна я пасунуўся на тралейбусны прыпынак. Стоячы на прыпынку, я раптам расправіў плечы і адчуў, як мільёны тонкіх ледзяных іголак працінаюць усё маё цела навылёт. Мяне скаланула, моцна так торкнула, нібыта праз мільён іголак праляцёў разрад тока. Розум зрабіўся ясны, вочы ўбачылі далёкія далягляды і высокае неба. Дабрыня напоўніла мяне. Я ўскочыў у халодны паўпусты тралейбус і пабачыў там Віктара Кацапава – чалавека, якога ненавідзіў. Дабрыня перамагла старую нянавісць: “Кацапаў, давай паедзем да мяне ў майстэрню і там вып’ем гарэлкі!” Я сам сабе здзівіўся, бо Кацапава я не проста ненавідзіў, я з ім пабіўся. З-за чаго? Мяне папрасілі падыйсці да Кацапава і сказаць, што ён звольнены з працы. “Хто ты такі, каб звальняць мяне?” Кацапаў узвіўся пад столь. “Я - член партыі. А ты хто?” – “А я той, каму даручылі паведаміць члену партыі пра звальненне!” – “Ідзі ты…” Я не стаў даслухваць звольненага, я згадаў усе абразы, якія чуў ад Кацапава ў бок беларусаў і яўрэяў. За тры гады я наслухаўся тых абразаў і зняваг столькі, што мне іх хапіла, каб абхапіць Кацапаўскую шыю рукамі і пачаць яго душыць. У свой час я займаўся вольнай барацьбою, і трэнер паказваў нам забароненыя прыёмы, за якія дэскваліфікуюць спартовых барцоў. Толькі ў бойцы з Кацапавым, я быў барцом не спартовым. Я душыў яго каб задушыць. Нас расцягнулі таварышы, нас расцягнулі тыя, хто папрасіў мяне сказаць Кацапаву пра звальненне, тыя, хто звольніў партыйца Кацапава. Ён сышоў, як пабіты сабака. Але нянавісць да яго так і не выветрылася з мяне ажно да неспадзеўнай сустрэчы ў паўпустым тралейбусе. “Не буду я піць з табою гарэлку, і не таму, што злуюся на цябе, а таму што – гарэлка нічога не вырашае. Я столькі выпіў гарэлкі з самымі рознымі людзьмі, што выпіць з такім, як ты, не складае для мяні аніякой праблемы. Толькі, паўтару, гарэлка нічога не вырашае…” Кацапаў саскочыў на чарговым прыпынку, а я паехаў далей. Быў сонечны дзень позняе восені, у кішэні хавалася поўная пляшка, і я быў добры. Я быў такі добры, што пазнаёміўся ў тым жа тралейбусе з зялянавокай бландынкаю, і яна паехала да мяне ў майстэрню, дзе мы пілі гарэлку, слухалі магнітафон і смяяліся. Мы смяяліся так заўзята і шчыра, што самі не заўважылі, як заняліся смехааблічным сэксам. У добрых людзей сэкс заўсёды вясёлы і няўрымслівы. Мы яшчэ доўга стаялі разам пад душам, каб праз дзесяць хвілін выйсці з майстэрні і разыйсціся ў розныя бакі назаўсёды. Я ішоў праз халодную ноч дамоў, і дабрыні ў маё душы не было ані кроплі. Дамоў я вярнуўся галодны і злы. Вячэраючы, я думаў пра Кацапава і гарэлку. Думаў, што Віктар Кацапаў зусім нічога не разумее ў гарэлцы, бо яна шмат што вырашае, яна нават можа з мяне зрабіць добрага чалавека.