October 15th, 2007

07kiepka

(no subject)

2007. Зарына і муза

Зарына прывяла ў маю студыю бельгійца. Я чакаў убачыць Пуаро, а пабачыў Холмса. Бельгіяц быў высокі, худы, рыжаваты… Карацей – Холмс. І фільм пра мяне ён здымаў так, нібыта разглядаў рэч праз павелічальнае шкло. Замест шкла ў бельгійца была камера з мікрафонам, але хіба гэта змяняе сутнасць?.. Зарына, як магла, дапамагала бельгійцу. Яна пацікавілася, ці ёсць у мяне муза. Жанчыны ў студыі мастака заўсёды цікавяцца музаю. Ха… Так я і паказаў бельгійцам сваю музу. Канешне, мяне спрабавалі пераканаць, што кінакамера – мой найлепшы сябар, і я мушу давяраць ёй. Толькі ў мяне ёсць свае дачыненні з музаю, і стасункі гэтыя інтымныя. А таму я падрыхтаваўся да здымкаў і запрасіў замест музы сваю натуршчыцу Леру. “Дык што, натуршчыца і з’яўляецца вашай музаю?” – са спадзевам спыталася Зарына. “Не. Натуршчыца ёсць натуршчыца, а муза сягоння не прыйдзе. Для кіно цалкам дастаткова натуршчыцы…” Зарыну і бельгійца я, напэўна, разчараваў, але, што ні кажы, а майстэрня мая, і працаваць у ёй трэба па маіх правілах і сцэнарыях. Здымкі скончыліся. Зарына звяла бельгійца ў шэры і халодны дождж, а я застаўся ў студыі з Лераю. Хацеў быў памаляваць яе, але вырашыў, што лепей я памалюю яе наступным разам. Кіно мяне стамляе, бо я сапраўды быў шчыры з гэтай чортавай камерай.