October 4th, 2007

07kiepka

(no subject)

Чырвоныя яблычкі

У мястэчку жыла старая па мянушцы Крывая бяроза. Яна магла хадзіць пад зямлю. Ніхто не ведаў, як тая Крывая бяроза заходзіць пад зямлю і выходзіць з-пад яе, але некаторыя на свае вочы бачылі тое дзіва, ну а чулі пра яго ўсе. Мястэчка не любіла Крывую бярозу, ды толькі тая не пераймалася з-за такой драбязы як нянавісць. Яна лічыла, што нянавісць да яе паходзіць ад чорнай зайздрасці, бо і напраўду ёй моцна зайздросцілі. А зайздросцілі ёй, бо жыла Крывая бяроза заможна. Пра такіх кажуць, што ім чэрці грошы носяць. Толькі грошы і золата Крывая бяроза выносіла з-пад зямлі сама. Там, пад зямлёю яна наведвала мерцвякоў і частавала іх райскімі яблычкамі. А за тыя яблычкі мерцвякі атдавалі ўсё, яны атдавалі і грошы, і золата, і праклятыя падземныя скарбы. Яны атдавалі Крывой бярозе ўсё чыста, бо верылі ёй. А яна казала ім, што райскія яблычкі не простыя яблычкі, а не простыя яны бо выраслі не ў звычайным местачковым садзе старой кабеты, а ў сапраўдным Раі тыя яблычкі наліліся чырванню. Мерцвякі елі Чырвоныя яблычкі і марылі пра светлы Рай. Яны спадзяваліся на Рай доўга, пакуль свежы нябожчык не расказаў ім пра вялікі дом Крывой бярозы. І здагадаліся мерцвякі, што дом той збудавала Крывая бяроза за іх золата. А яшчэ яны зразумелі, што ніколі не трапяць у сапраўдны Рай. Яны азліліся на крывую старую і хацелі парваць яе на кавалкі, ды яна паспела выйсці з-пад зямлі. Тады мерцвякі сталі чакаць смерці Крывой бярозы. Яны спадзяваліся, што раней ці пазней яна ўсё адно трапіць пад зямлю. Марныя былі спадзевы, бо абачлівая старая напісала запавет, у якім казалася, што цела яе мусяць спаліць, а жменьку попелу мусяць высыпаць пад райскую яблыню, якая родзіць салодкія, як мёд, Чырвоныя яблычкі.