September 17th, 2007

07kiepka

(no subject)

1983. Яўген і кісель

Нават калі ты зайшоў у заўсёдную кавярню выпіць кубак зялёнай гарбаты без цукру, усё адно цікава пагаварыць пра вялікіія гулянкі. Пра якасць гарбаты і кавы гутаркі таксама вядуцца, але з меншым імпэтам чымсці пра начныя п’янкі ды шматдзённыя загулы. Надоечы Яўген, па мянушцы Галдовы, распавёў, як ён ў Юрмале за чатыры дні прапіў сем тысяч рублёў, вялікія па тых часах грошы. За такія грошы можна было набыць адну з найлепшых ў СССР машын. Цяпер, калі хлопцы лётаюць на грыбы ў Амстэрдам, лётаюць на адзін вечар, успаміны пра Юрмалу з яе рэстарацыямі і афіцыянткамі ў якасці гейш гучаць сціпла, але і яны вельмі дарэчныя да кубачка вечаровай гарбаты. Галдовы, не шкадуючы салёных слоў, расказваў: як музыкі гралі адну і тую ж песню ўсю ноч, як нарэшце ў яго з сябруком скончыліся сілы. “Усё, ні жанчыны, ні гарэлка, ні рэстарацыйныя прысмакі нас больш не цікавілі. Мы ўсталі пасярод дня, пастаялі пад душам і вырашылі з’есці простай кашы і выпіць простага кісялю. Латышы заўсёды варылі смачны кісель. Мы прыйшлі ў сціплую сталоўку, наставілі на споды кашы і кісялю. Я мусіў разлічыцца. Вы нічога больш не бралі? Спыталася ў мяне касірка. Нічога! Я разлічыўся за сябе і за яго. І тут гэтая латвійская сучка як заверашчыць… Інга, выклікай міліцыю, яны скралі ў нас дзве шклянкі кісялю!!! Давялося заплаціць рублёў пятнадцаць, каб касірка супакоілася. Кісель каштаваў сем капеяк, і мой дурань ціха выпіў дзве шклянкі і паставіў іх назад на паліцу. За чатыры дні мы праелі прагулялі сем тыся, столькі ж, нават болей, у нас яшчэ заставалася, а ён скраў дзве шклянкі кісялю па сем капеяк. Нашто? Надта піць хацелася! Сказаў… Больш я з ім ні ў Юрмалу, ні ў Ялту, ні ў Сочы не ездзіў…” Яўген Галдовы сышоў. А я застаўся дапіваць сваю зялёную гарбату. Я піў і думаў, што сапраўды ёсць такія людзі, якія без скрадзенай лыжачкі ў кішэні з рэстарацыі не сыходзяць.