September 14th, 2007

07kiepka

(no subject)

2007. Шастоўскі і выстава

Жывапісец Кім Шастоўскі распавядаў мне пра сваё навучанне ў мастацкім інстытуце: “Я выдатна маляваў, студэнты прыходзілі паглядзець на мае акадэмічныя малюнкі. Скульптар Барыс Маркаў нават папрасіў навучыць маляванню, і я вечарамі вучыў яго. Адкуль толькі ўзялося маё няшчаснае каханне? Ад яго я ўцёк на тры гады ў войска. Вярнуўся, прыйшоў у інстытут і больш за ўсё мяне здзівілі млюнкі Барыса. Ён пасмяяўся і прапанаваў навучыць мяне новаму маляванню. Я ледзь было не пайшоў на атдзяленне скульптуры. А спыніў мяне водар алейнай фарбы. Я адчыніў свой стары эцюднік. Тры гады ён праляжаў зачынены, тры гады прачакаў мяне. Адчыніў эцюднік, удыхнуў водар алею і зразумеў – я жывапісец…” Так Кім Шастоўскі і пражыў на свеце жывапісцам семдзесят гадоў. Пражыў і зрабіў сваю юбілейную выставу. Я пыйшоў на тую выставу яшчэ да яе адкрыцця, прыйшоў паглядзець на плён працы настаўніка свайго. Глянуў і жахнуўся. На выставе не было ніводнай сумленнай карціны. На брудных сценах віселі пацямнелыя і запыленыя заказныя працы ў парэпаных і рассохлых рамках. Мне прыгадаўся іншы аповяд Кіма: “Хацеў намаляваць сваіх сыноў на фоне гарадцкога краявіда, а яны адмовіліся пазіраваць. Я на іх і крычаў і сварыўся, нават спрабаваў угаворваць. Не захацелі пазіраваць і ўсё…” Тады я паспачуваў Кіму, тады я не зразумеў капрызлівых сыноў з іх адмоваю папазіраваць для карціны. Цяпер я іх зразумеў, толькі ад разумення мне лягчэй не стала. Кіма Шастоўскага я пабачыў здалёк, ён вясёлы і бадзёры ішоў у зграйцы чыноўнікаў адчыняць сваю персанальную выставу. Я не стаў псаваць людзям свята і сышоў з Палаца мастацтваў.
07kiepka

(no subject)

Рэчкі…

Рэчкі, у якіх купаўся ў дзяцінстве: Рудзіца, Свіслач, Пціч, Нёман, Ятранка, Моўчадзь…
Рэчкі, над якімі праходзіў па мастах: Віхра, Прыпяць, Дняпро, Масква, Вісла, Сена, Цібр, Дунай, Цемза…
Рэчка, якую пераплаваў на пароме: Дзвіна.
Рэчкі, над якімі доўга стаяў на мосце: Прыпяць, Цепла, Вілія...
Рэчка, якую бачыў толькі ўначы: Сож.
Рэчкі, па якіх плаваў на караблі: Нява,Ніл…