September 5th, 2007

07kiepka

(no subject)

Z 2007. Шура і Алёнка

Шура меў жонку з дваімі дзецьмі, а ў Алёнкі была двухпакаёвая кватэрка на ўскрайку горада. І загуляў Шура з Алёнкаю, моцна так зараманіўся, ажно жанчына пачала спадзявацца на нешта большае чым звычайны загул. Толькі Шура нічога не збіраўся мяняць у сваім сямейным жыцці, і, зразумеўшы гэта, Алёнка кінула Шуру. Той запіў. Ён тыдзень смактаў піва ў смярдючым бары Траецкага прадмесця. Ён і далей піў бы кіслае піва, каб Алёнка не папрасіла мяне пагаварыць з ім. Давялося валачыся ў брудны бар, замаўляць перасоленую рыбу і ўгаворваць Шурыка спыніць запой. Угаварыў! Сам сабе здзіўляюся, але я ўгаварыў Шуру адмовіцца ад пракіслага піва і пайсці працаваць у дзіцячы часопіс. Яшчэ ў бары з нізкімі столямі я зразумеў, што нічым добрым для мяне тое выцягванне Шуры з піўнога балота не скончыцца, але хацелася дапамагчы Алёнцы. Дапамог, як мог. Нейкі час Шура не піў піва і старана працаваў. Алёнка выйшла замуж і нарадзіла дваіх дзяцей. Здавалася б… Не! Шура напампоўваецца півам штодня, і ніхто мяне больш не просіць яму дапамагаць. Алёнку кінуў муж, уцёк за мяжу з гастраномнай прадавачкай. Алёнку, вядома, шкада, але не на столькі, каб пайсці дапамагаць, бо ліміт маёй дапамогі для Шуры і Алёнкі вычарпаны да рэшты.