September 1st, 2007

07kiepka

(no subject)

Z Беларускі дух

Душа, духоўнасць, дух… Такімі словамі перапоўнены тэксты сучасных мясцовых ідэолагаў. Хочаш не хочаш, а задумаешся над іх значэннем і афарбоўкаю. Задумаешся і разчаруешся, бо ніякіх праяваў духоўнасці ў рэальным жыцці беларуса не знойдзеш. Шукацьмеш і не адшукаеш. Надзея знайсці гэты самы дух выветрылася зусім, калі я з ім сутыкнуўся. Ішоў праз вузкі пераход са станцыі метро Кастрычніцкая на станцыю Купалаўская. На вуліцы некалькі тыдняў стаяла пякельная гарачыня. Люді сцякалі потам і цяжка дыхалі. У падземным пераходзе паветра набыло неверагодную шчыльнасць. Я зайшоў у архітэктурную трубу і адчуў як мяне агарнуў беларускі дух. Густы, гарачы, салянавата-салодкі дух стаяў у пераходзе. Не водар, не смурод, не пах а менавіта дух. Слёзы пацяклі з апечаных вачэй, дыханне перарвалася, сэрца прыпынілася. Вось тое, што шукаў – беларускі дух. Я сеў у электрычку і даехаў да станцыі Няміга, туды дзе людзі падушылі людзей, туды дзе ў куламесе згінула больш за пяцьдзесят маладых жыццяў. Там я і зразумеў наколькі ён жудасны – беларускі дух. У беларусаў дух меў і мецьме перш-наперш адмоўнае значэнне. Наш дух задушлівы, цяжкі і невыносны. Мо таму беларусу кепска ў царкве і касцёле, а ягоная рэлігійнасць і прасветленасць знаходзіцца ў іншым месцы. Беларус лёгка дыхае не ў саборы, а на дарозе з аднаго сабора ў другі сабор. Яму лёгка ў лесе, у полі, на скразняку гарадскога скрыжавання… Ні заходні касцёльны дух ні ўходні царкоўны, не даюць беларусу сапраўднай палёгкі. У саборах беларус больш назірае за тым, як моляцца суседзі, а не атдаецца рэлігійнаму палону. Таму так прагна і хвацкі беларус учапіўся за рацыянальную ідэю сваёй дзяржаўнасці. Беларусу мілы родны кут, а не інстытуты адбудаваных халодных цэркваў. Так я думаў, стоячы каля рэчкі і дыхаючы яе лёгкай вербалознай прахалодаю.