August 19th, 2007

07kiepka

(no subject)

Z 2007. Эксгібіцыяніст і закон

Закон пішацца для аднаго чалавека. Так я падумаў, калі пабачыў, як па бульвару Рамблас ідзе голы мужчына. Можна, пры вялікім жаданні, палічыць татуіроўкі і пірсінг за вопратку, але акрамя тату і некалькіх жалезак на мужчыне нічога не было. Памахваючы доўгім чэлесам, гэты невысокі эксгібіцыяніст нетаропка шпацараваў па аднаму з самых людных бульвараў Еўропы. І… Мала хто нават паварочваўся каб яго паразглядаць. Паліцыя? А ў Барселоне можна хадзіць па вуліцах без вопраткі. Я ведаў пра закон, але не ведаў для каго ён напісаны. Ну прастытуткі ў распусных кварталах голыя прагульваюцца, дык у іх праца такая – целам на хлеб зарабляць. А тут чалавек гуляе голы дзеля ўласнага задавальнення, і закон напісаны ды зацьверджаны менавіта для гэтага аднаго чалавека.
07kiepka

(no subject)

Грэгерыі з Барселоны


*
Каля мора хочацца хадзіць у цяльняшцы, ну, калі не ў цяльняшцы, дык у паласатай кашулі, ну, а як не ў паласатай, дык хоць бы ў сіняй.

*
Засяліўся ў шыкоўны гатэль. За вокном – мора. Унітаз цячэ, і чорт з ім.

*
Сакратарка сядзіць на працоўным месцы, як кветка ў гаршэчку.

*
Час выносіць пісьменніку прысуд, як пракурор злодзею.

*
У джазе ёсць старэчасць.

*
Праблемы на працы? Дык жа праца на тое і патрэбна каб ствараць праблемы…

*
Ніводны чалавек не спажыве ўсе дадзеныя яму даброты, бо не паспее.

*
Усёдараванне – раўнадушша, зазвычай.

*
Нават простыя развагі чалавека пра бессмяротнасць робяць яго безадказным, таму і давялося павыдумляць жахі пекла.

*
Кажучы “чалавечы век”, ты дадаеш сабе некалькі дзесяткаў гадоў жыцця. А ўсё гэта з-за таго, што ты не ведаеш гадзіны ўласнай смерці, і ў гэтым няведанні ёсць і век і нават бясконцасць часу.

*
Шкадаванне страчаных магчымасцяў – форма ляноты.

*
Рэальны чалавек суадносіцца з ідэальным, як ідал з Богам. Таму ты любіш ідалаў і сумняваешся ў існаванні Бога.

*
Нерашучасць, часам, ратуе ад памылак, але яна ніколі не дасць табе ўзнагароду.

*
Майстэрства ліслівасці не ў тым каб прыкідацца дурнейшым, а ў тым каб зрабіць выгляд дабрэйшага і лагаднейшага. Зазвычай, ліслівец спрабуе выглядаць дурнем, і на гэтым гарыць, бо ён насамрэч дурань.

*
Для разумення адных рэчаў у мяне замалая хуткасць, а для спасціжэння іншых з’яў гэтая ж хуткасць завялікая. Пра гэта адразу ж здагадваешся, калі, едучы ў цягніку,спрабуеш чытаць рэкламныя надпісы.

*
У дзяцінстве наваколле бачыцца завялікім і заяркім, што не лічыцца кепскім, а вось у маладосці, калі свет поўніцца моцнымі жаданнямі, гэтыя жаданні чамусці залічваюцца ў заганныя.

*
Архітэктар посмадэрніст – LEGO® Бюз’е.

*
Байкеры – піраты асфальтавага мора, піраты без вялікага карабля.

*
Ці сустракаюцца русалка-мурынкі? Трэ спытацца ў амерыкана-беларусаў…

*
Круасан – паветра загорнутае ў тонкае цеста. У сапраўдны круасан загортваецца парыжскае паветра, на самы крайні выпадак – барселонскае.

*
Ніхто табе не скажа: дзе сканчаецца памер рыбалоўнага кручка і пачынаецца памер якара.

*
Як паменей рабіць і працаваць, каб паболей атрымлівалася і заставалася? Над гэтым пытаннем чалавек думае ледзь не ўсё сваё жыццё, а ў старасці знаходзіць адказ і робіцца сквапны.

*
Хто-хто а сіеста сябе прымусіць запаважаць. А не, дык пакладзе на спіну з аднаго сонечнага ўдара.

*
Манеткамі можна накарміць толькі капілку.