August 18th, 2007

07kiepka

(no subject)

36,56 КБ

2007. Ліда і яхта

Прыдумлянне сабе розных неверагодных заняткаў мяне цешыць. А што яшчэ рабіць у адпачынку, як не прыдумляць сабе малапатрэбную працу. Можна з’ездзіць у пальмавы пітомнік і пацікавіцца пладанашаннем розных сартоў субтрапічных і трапічных дрэў. Можна схадзіць у яхт-клуб і там павывучаць канструкцыі чаўноў. А можна зайсці на вілу, што ў некалькіх кроках ад майго гатэля, і зрабіць абмеры агароджы зробленай са сталі-нержавекі, а потым сесці і палічыць ці ўпішуся я ў 10 000 еўра за пагонны метар, калі пачну рабіць сабе падобны плот… Я ляжаў на ложку і лічыў у галаве прыблізныя кошты на атрыманне ордэна ў адной невялікай краіне, калі дзверы майго нумара адчыніліся, і ў яго ўвалілася мая вясёлая жонка з шампанскім і сваёй натуршчыцай Лідай. Раней, на колькі я памятаю, тую ж натуршчыцу звалі Інэс, а цяпер яна стала Лідаю. Каму справа?.. Мне дык Ліда і раўней выгаворваецца. Жонка з Лідаю нарабілі рэкламных здымкаў для крамы Mason’s, атрымалі ганарар, узялі Cava (Кава – так у Іспаніі называюць мясцовае шампанскае) і прыйшлі адзначаць свой поспех. Маюць права. Яны п’юць сваю каву, я п’ю сваю каву і пакурваю цыгарэтку. Ліда распавядае пра свае правы: “Я маю права на капрыз? У яго жонка, у яго бізнэс, у яго мільёны… А што ў мяне? У мяне адзін маленькі капрыз – я хачу зфатаграфавацца на яхце. У яго выдатная яхта. Проста суперская яхта. І на той яхце я буду фатаграфавацца аголейнай. Такі ў мяне капрыз…” – “Як ягоная яхта называецца?” – проста так пацікавіўся я. “Санта… Санта… Святая… Нейкая там святая…” – “Можа Санта Марыя?” – “Дакладна не Марыя. Каб была Марыя, я б запомніла, а так не помню…” Мае прыгажуні дапілі сваю каву і сышлі здымацца на яхце. Я застаўся ў нумары, хацелася памаляваць пустыя шклянкі і келіхі. Люблю маляваць пусты посуд. Маляванне пустога посуду мяне супакойвае амаль так жа-ж, я і выдумлянне малапатрэбных заняткаў. Праз дзве гадзіны жонка вярнулася: “Мы крычалі табе з вуліцы, крычалі і нават свісталі, а ты сядзеў сабе на гаўбцы і сядзеў…” – “Мора шуміць. Мусіць ужо на тры бала расхісталася. Дзе я вас пачую…” – “Мы нават з порта яхту не змаглі вывесці, бо Ліда баіцца хістанкі, яе імгненна ўхіствае. Так у яхт-клубе і здымалі. Дарэчы, Алехандро сказаў сваёй жонцы, што менавіта ты арэндаваў у яго яхту для маёй фотасесіі, і натуршчыцу Лідзію ты таксама для мяне наняў… А самае цікавае: менавіта жонка Алехандро пачысціла і прыбрала яхту, каб здаць яе ў арэнду…” – “Мары здзяйсняюцца…” – “Што ты сказаў?” – “Сказаў, што хачу наведаць пальмавы пітомнік!”