August 15th, 2007

07kiepka

(no subject)

1987… Вярэніч і “Новае неба”

Рызыка ў мастацтве патрэбна, без яе ты не праславішся ніяк. Таму ўсе і рызыкуюць. Гітарыст Лёня Вярэніч таксама наважыўся рызыкнуць і стварыць песню. Музыку Лёня сам напісаў, а па словы звярнуўся да мяне. Пазнаёміў нас Ігар Варашкевіч. Ён запэўніў мяне, што Вярэніч – выдатны музыка, а яго пераканаў, што я – добры паэт. Я прапанаваў Вярэнічу свае вершы, але Лёня сказаў, што трэба словы пакласці на гатовую музыку. Гэта была мая першая і апошняя спроба пісаць “на рыбу”. Я сто разаў праслухаў касету, змучыўся, але словы зрабіў. Песня называлася “Рызыкуй!!!”. “Рызыкуй, табе кажу, ры-зы-куй!” шматкроць паўтаралася ў прыпеве. За мае творчыя пакуты Лёня заплаціў 30 рублёў. Я быў страшэнна задаволены, бо спадзяваўся, што напішу яшчэ безліч песень, бо асвоіў тэхніку пісання “на рыбу”. Толькі Вярэніч больш не звяртаўся да мяне па словы, і пра песню нашую ён ніколі не згадваў, ды і я ў яго пра яе не пытаўся, бо рублі атрымаў. Прайшло 20 гадоў, і тут ў дзённіку Аляксандра Сапегі я чытаю такое…
« Рызыкуй! »
Лёня Вярэніч напісаў песню, напісаў словы, песня называлася "Рызыкуй!"
У гарадзенскай філармоніі была рок-група "Рада", і Лёня атдаў Сацэвічу і Сапеге гэтую песню. Напрыканцы 80-х репертуар зацьвярджала спецыяльная камісія. Выглядала гэта дзіўна – пустая зала, у цэнтры камісія, а на сцэне рок-музыка. Пасля канцэрта старшыня камісіі выказаў задавальненне беларускім блокам на вершы Багдановіча, але звярнуў увагу на песню, дзе былі незусім зразумелыя словы – папрасіў дапрацаваць, бо яны пачулі (відавочна абразлівыя словы лаянкі ў бок рыжага чалавека) нецэнзуршчыну, прытым неаднаразова ў прыпеве “Рыжы…!”
“Рыжы хуй!” пачулі чыноўнікі ад культуры. “Рыжы хуй, табе кажу, рыжы хуй!”.
Чаму Лёня мне пра тое здарэнне не распавёў, я так і не ведаю. Але пра групу “Рада” варта згадаць цёплымі словамі…
Аднойчы я выпіў гарэлкі са Сцяпанам. Пілі мы ў рэстарацыі гатэля “Беларусь”, а потым гулялі ўздоўж Свіслачы. І захацелася нам яшчэ выпіць, мы зайшлі ў рэстаран гатэля “Планета”. Сядзець у задушлівай залі жадання не было. Лёня Вярэніч павёў мяне ў буфет, дзе я ўзяў дзве бутэлькі віна. Каб незаўважна вынесці віно з рэстарацыі, мы загарнулі бутэлькі ў вялікія і ружовыя плакаты рок-групы “Рада”. Вярэніч піць адмовіўся. Мы і не настойвалі, разумелі, што ў чалавека праца. Рэстаранных музыкаў я заўсёды паважаў і паважаю, як і мастакоў афарміцеляў. Музыкаў і мастакоў я люблю ўсіх, без вынятку. Па-рознаму люблю, але ж усіх. З рулонамі ў руках мы ішлі па начным горадзе і сустрэлі дзяўчат – Касю і Віку, якія выйшлі з дому каб зшыбнуць цыгарэтку. З дзяўчатамі мы пазнаёміліся, пакурылі, выпілі віна і рызыкнулі стварыць рок-гурт “Новае неба”.