August 13th, 2007

07kiepka

(no subject)

z 2007. Іспанка і рукі

У паўпустым вагоне метро, насупраць мяне села маладзенькая іспанка. Акуратная стрыжка, вузенькія акуляры на правільным носе, чырвоная майка не можа схаваць вострыя смочкі… Сэксуальнасць дзяўчыны псуюць адно рукі. Іспанкам трэба галіць не толькі ногі, а і рукі.
07kiepka

Жбанаў

2002. Жбанаў і каньяк

Піць са скульптарамі небяспечна. Нават калі скульптар, як той Жбанаў, восем гадоў сам не выпівае, гэта нічога не змяняе. Піць з імі нельга. Вунь паэту Сысу адзін скульптар секераю рассек галаву. Дый наогул, у Менску быў выпадак, калі адзін скульптар не праста секанаў чалавека па чэрапу, а адсек жывую галаву цалкам. Такая ў скульптароў спецыфіка прафесіі, што сякера заўсёды пад рукою, а рукі, якія прызвычаіліся абчэсваць камяні, нечалавечую моц маюць. І да смерці скульптар ставіцца спакойна, большасць ягоных замоваў прыходзяць з могілак. І я да Вовы Жбанава з могілак прыйшоў. Пасля смерці таты я доўга думаў пра надмагільны помнік. З тымі цяжкімі думкамі я да Жбанава і хадзіў. Помнік мне бачыўся ў выглядзе бронзавага хлопчыка, які сядзіць на вялікім валуне. Замест крыжыка ў таго хлопчыка на шыі мусіў вісець ключ. Жбанаў хлопчыка зляпіў. Хлопчык на камені мяне ўразіў. І тут Вова прапанаваў мне глыток каньяку. Прайшло паўгады, як я кінуў піць. Цяжка было, але трымаўся. А тут узяў ды выпіў і не адзін глыток і не два. Я выпіў у Жбанава бутэльку, а ў краме купіў віскі і выпіў другую бутэльку дома. І трапіў я ў запой. З таго скульптурна-могілкавага запою я выплыў. І цяпер нават на банкетак я са Жбанавым побач не саджуся. А то зноўку старэйшы таварыш угаворыць зрабіць глыток.