July 8th, 2007

07kiepka

(no subject)

1988. Паўлюк і жанчыны

“Адам, чаму вакол цябе так шмат непрыгожых жанчын? Чаму ты ходзіш у месцы, дзе відных дзяўчат амаль не бывае?” – за чаркай гарэлкі запытаўся Паўлюк. “Няўжо? Не заўважаў… Пра якія месцы Вы гаворыце?” – не гледзячы на моцную захмялеласць, я вырашыў гутарку падтрымаць. “Тут, у бары дому літаратараў, жанчын амаль ніколі няма. А калі і заходзяць, дык на дзесяць брыдкіх адна мілатварая трапіцца. На сходках тваіх непрызнаных беларускіх паэтаў дзяўчат мала. Сярод маладых яўрэйскіх артадоксаў таксама большасць хлопцаў. І як гэта вы адзін аднаго знаходзіце? Яўрэяў розных шмат, але ты сябруеш з самымі зацятымі і ваяўнічымі. Твая справа, але я скажу, каб ты паслухаў і падумаў… Трэба выбіраць месцы, дзе шмат прыгожых жанчын, бо яны ведаюць і разумеюць дзе лепей, а дзе горш”. Я не спрачаўся з Паўлюком, разліў гарэлку па кілішках, і мы выпілі за жаноцкую дальнабачнасць і абачлівасць. Я не толькі не стаў з ім спрачацца, бо пэўную рацыю ён меў, я не пярэчыў, бо ўсё жыццё вакол мяне было шмат відных, разумных і прыгожых жанчын з дзяўчатамі. Так я хадзіў на паўпадпольныя чытанні тэкстаў Хармса, калі Лёша Мартынаў, седзячы каля адчыненай печы, зачытваў “Здарэнні”. Ён быў каля печы, бо ў выпадку якой неспадзяваннкі можна было закінуць пяпяросныя аркушы ў агонь. І на літаратурныя вечары тутэйшых паэтаў я наведваўся спраўна. І ў сінагогу хадзіў з Валяньцінам Эльперам, бо рабіў ілюстрацыі да кнігі “Быцця”. З піцерскімі чорнакашулячнікамі я таксама тусаваўся, як і з эстонскімі міліцыянтамі перапісваўся. Свет мяняўся. Імперыя крышылася, як трухлявая дошка пад вастрыём спраўнай сякеры. Маргінальныя палітычныя групоўкі ішлі да ўлады. Мяне вабіў свет агрэсіўных поглядаў і рашучых дзеянняў. А жанчыны? Яны былі ў іншых месцах, куды я завітваў значна часцей. Толькі нашто пра гэта казаць Паўлюку? І я не казаў, бо заўсёды, аглядаючыся вакол сябе, я ўважліва глядзеў на жанчын прыгожых.