July 7th, 2007

07kiepka

(no subject)

Казка пра Чарнату і Бібліятэку

“Гульні з вечнасцю скончыліся…” – Так падумала пра сябе Бібліятэка. Яна састарэла. Пыл накрыў яе кнігі. Папера зжоўкла. Бібліятэкары пасыходзілі на пенсію. Памяшканне зачынілася. Бібліятэка засталася ў самоце. Яна спрабавала нешта-нейкае чакаць, але нічога не праглядалася ні ў блізкай ні ў атдаленай перспектыве. У будучым бачылася адна Чарната. Раней Бібліятэка любіла Чарнату, калі тая цішком прыходзіла ўначы. Цяпер, калі Чарнаты стала шмат, Бібліятэка ставілася да яе з насцярогаю і недаверам. Толькі акрамя Чарнаты ў Бібліятэкі нікога не засталося. Таму і размовы даводзілася весці з Чарнатою, каб хоць словы не пазабывацца. “Спіш?” – спытала Чарната. “А што рабіць?” – “Несці святло. Ты мусіш несці асвету! Наканаванасць твая такая…” – “Як і каму я павінна несці святло, калі ніхто не разгортвае маіх кніжак?” – “Ты павінна гарэць і ззяць!” За такую жорсткую прапанову Бібліятэка пакрыўдзілася на Чарнату. Крыўдавала яна доўга, але нарэшце пагадзілася з Чарнатою. Бібліятэка гарэла цяжка і доўга. Яна гінула ў зыркім полымі. Яна пакутвала, знікала і радавалася свайму светладайнаму знікненню. Бібліятэка згарэла, і Чарната яе шчыра аплакала і ў тым плачы сказала: “Гульні з вечнасцю твае толькі пачаліся, мая ты Бібліятэка...”