July 3rd, 2007

07kiepka

(no subject)

Казка пра Чліпеня і Зліпеня

Аўторак. Ты выходзіш на вуліцу, каб ісці на працу, і раптам бачыш натоўпы і сцягі. Тутака ты і даведваешся, што ёсць такі Зліпень. Аказваецца яго ўсе любяць і шануюць. Куды не кінеш вока – паўсюль плакаты пра Зліпеня. А калі ў цябе кепска са зрокам, тады табе праз гучнагаварыльнікі распавядуць пра Зліпеня. Ты зразумеш, што нічога не зразумеў. Але ты паверыш, што ў Зліпеня можна верыць, бо тысячы і тысячы людзей будуць ісці са сцягамі і шарыкамі. І ксяндзы ў пурпуровых шапачках будуць ісці, і амерыканскі амбасадар будзе ехаць у чорнай машыне, і генералы будуць пазвоньваць залатымі ордэнамі, і дзеці будуць памахваць кветкамі, і прэзідэнт будзе ўсміхацца тым дзецям. І ты захочаш быць разам з усімі, і нават паспрабуеш сказаць добрыя словы пра Зліпеня. Толькі язык твой – вораг твой. Замест “зьлі-пень” ён скажа “злы-пень”. І ты прыкусіш язык свой, і ціха пойдзеш на працу. Там ты сядзеш на канапу і прыдумаеш сабе свята Чліпеня, ты прызначыш сабе індывідуальнае свята. І ты падрыхтуешся і адсвяткуеш яго ў сераду.
07kiepka

(no subject)

2007. Брат і падарункі

Цяпер усім лёгка зрабіць мне падарунак. Раней, брат казаў: “Цяжка зрабіць табе падарунак, бо ў цябе ўсё ёсць…” А зараз, калі я малюю натуру, брат і жонка дораць розную паперу і нататнікі. Я ўдзячны ім, вядома ўдзячны. І кожнага разу, атрымліваючы пачак аркушаў, я даю сабе слова, што буду купляць паперу сам. І не купляю, малюю на тым, што прынясуць і надораць. А калі і купляю, дык складаю ў шафу. І з матэр’яламі ў мяне непарадак, бо даўно трэба перайсці да алоўкаў, пэндзляў і пёраў, трэба павыкідаць маркеры ды фламастары. І штораз рука хапаецца за паўсухі дзіцячы фламастар... А бутэлечкі з тушшу застаюцца стаяць у шафе некранутыя.