June 19th, 2007

07kiepka

(no subject)

2007. Ніёле і чарэшні

Даўно збіраўся намаляваць талерку з чарэшнямі. Хацеў зрабіць невялічкі малюнак, на якім будзе стол і белая талерка з чырвонымі ягадамі. Што можа быць прасцей, а ўсё не выпадала, брак часу, тлум штодзённай работы. У выходныя! Абавязкова! І надыйшла сыбота. І талерка з ягадамі стаіць на стале, і папера, дастаная з тэчкі чакае. І я ляжу на канапе ды ўяўляю сваё маляванне… Дзверы адчыняюцца. Дзверы расхінаюцца наросхрыст. “А вось і мы! Ты не радуешся? Пазнаёмся, гэта – Ніёле!” – жонка дастае з лядоўні шампанскае. “Вы ясцё чарэшні? Днямі, я з’ела такіх вось ягадак, і мяне ўсю ноч ванітавала! Уяўляеце?!” – Ніёле выпіла келіх шампанскага адным глытком. “У нас яшчэ клубніцы ёсць!” – жонка паставіла на стол намытых трускалак. “Цэлы тыдзень сын прасіў мяне прынесці яму клубніцаў. І сягоння я яму прынесла ажно два кіло. І сказала, еш! Што мы ямо? Жах проста. Суцэльная хімія. Мы ямо лайно!” Божа… Падумаў я. Вялікі яўрэйскі… Так я падумаў, бо да сінагогі ад маёй кватэры значна бліжэй, чым да царквы ці да касцёла. Божа, прыбяры з маёй кватэры гэтую Ніёле. І тут у Ніёлі заціціўкаў тэлефон. Яна слухала далёкі голас, і твар яе палатнеў. “У сына распухлі локці і пакрыліся пухірамі ўсе рукі. Ён сказаў, што дакранаецца да локцяў і зусім нічога не адчувае. Гэта ад трускалак. Што рабіць?” – “Трэба выклікаць хуткую дапамогу!” – “Хіба ж яны прыедуць?” – “Прыедуць абавязкова. Ім надакучыла ездзіць да алкаголікаў і наркаманаў, да дзіцёнка яны паедуць з радасцю…” І сапраўды, рацыя ў маіх словах была. Пакуль мы з жонкаю правялі Ніёле дамоў, доктар ужо паглядзеў хлопца і запэўніў усіх, што нічога страшнага не адбылося, адно, што ён не раіць есці столькі трускалак узапар. Ніёле дастала з лядоўні шампанскае. Жонка засталася, а я сышоў маляваць свае чарэшні, і маляваў, і намаляваў.