June 17th, 2007

07kiepka

(no subject)

2007. Ядзя і пікантнасці

У дачкі новы хлопец – Жэня Кірылаў. Ён сын майго даўняга таварыша – Жэніка Кірылава. Так што побач з Ядзяю цяпер Яўген Яўгенавіч. Ен крыху заікаецца, калі хвалюецца – больш, калі спакойны – меней. Такая пікантнасць ёсць у Жэні. Ну ў кожнага з нас свае пікантнасці. Я люблю пікантныя вафлі. Яны не салодкія, іх можна есці з салатаю. “Ты ясі гэтую гадасць?” – крывіцца Ядзя. А я страшэнна не люблю, калі кажуць кепскае на прадукты. “Ем, бо люблю піпікантныя вафлі!” – “А ты чаго смяешся?” – Ядзя пачынае злавацца і на мяне, і на жонку, якая мые посуд пасля вячэры. “Я смяюся, бо наш тата любіць піпікантныя вафлі”. – “І што?” – не супакойваецца наша дачка. Тут я кажу жорсткі сказ: “Ядзя, любоў не толькі сляпая, яна яшчэ і глухая!”