June 12th, 2007

07kiepka

(no subject)

2007. Пасажырка і начны цягнік

Зазвычай, са студыі дамоў я вяртаюся на метро. Еду позна. Начная станцыя мяне радуе. Навокал маладыя людзі, у якіх наперадзе вялікае жыццё. Я, не саромяючыся, разглядаю дзяўчат і хлопцаў. Збольшага гляджу на дзяўчат. Малюю іх у сваім уяўленні. На большасць людзей я гляджу, як на патэнцыйных натуршчыкаў і натуршчыц. Гэта, напэўна, кепска, бо рэальна маляваць іх я не збіраюся, але мне важна, што я іх бачу. Людзі ў метро не бачаць адно аднаго. Хіба што яны рэагуюць на перашкоду на сваім шляху. А я бачу, разглядаю, думаю пра іх… Учора, разам са мною ў вагон заходзіла чарнявая дзяўчына. Яна ўзяла ды пагладзіла мяне па жывату. Яна прайшла, села і прапанавала мне сесці побач. Я адмоўна хітнуў галавою. Ну… Я страшэнна не люблю, калі да мяне дакранаюцца чужыя рукі. І аднаразовую блізкасць я недалюбліваю. І маляваць менавіта гэтую пасажырку я б не маляваў. А яна мяне, пэўна ж, намалявала б.