May 24th, 2007

07kiepka

(no subject)

2007. Вольскі і кветкі

Піць гарэлку на гарачыні трэба ўмець. Я дык так і не навучыўся. Спрабаваў-эксперыментаваў, а вынікі атрымліваў адно адмоўныя. Прычынаўся я немаведама дзе, і сорам мяне катаваў горш за той бадун. Карацей, пакінуў я эксперыментатарства з моцнымі напоямі ў спякотныя дні. І што? А мяне пачалі запрашаць на імпрэзы алкагольныя. Вось і ўчора я схадзіў да Лявона Вольскага на пяцігоддзе крамбамбулі – слаўнай тутэйшай гарэліцы. Патоўкся я сярод публікі, што ўсё яшчэ вучыцца піць цёплую крамбамбулю. Пагаварыў са знаёмымі, пафатаграфаваўся да газетаў, пафільмаваўся для TV і музыку гурта “Крамбамбуля” паслухаў. Задзёрысты музон, святочна-пазітыўныя спевы ды спрытна сплеценыя словы. Вось! За слова і зачапілася моё вуха. І слова тое было Папараць-кветка. Калі мне, апошнім часам, кажуць, што беларусы нічога не маюць, я прыгадваю Папараць-кветку. А тут, на свяце крамбамбулі, я вынайшаў дадатковыя сімвалы беларускай зямлі – Мамараць-кветка і Татараць-кветка. І не піў, здаецца.