April 15th, 2007

07kiepka

(no subject)

2007. Янкоўскі і Сцебурака

Каб стаць паэтам, трэба напісаць два вершы, бо ў кожнага, хто спрабуе вершаваць, адзін твор абавязкова атрымаецца, а другі без таленту не складзецца. Калі я прачытаў у развагах паэта Сікі, што непараўнальны Басё мае толькі дзесяць выдатных вершаў, я ледзь не абурыўся. Чаму так мала? А потым зразумеў і прыняў словы Сікі, бо каб стаць непераўзыдзеным паэтам Японіі дзесяць геніяльных хоку больш чым дастаткова. Таму я паважаю анталогіі складзеныя так, што аднаго паэта прадстаўляе адзін найлепшы верш. Асаблівую радасць я адчуваю, калі ў газетнай падборцы ці сярод інтэрнэтных постынгаў знаходжу добры верш з новай і маладой паэзіі. Так на старонцы “Нашай Нівы” я прачытаў “Ранішні блюз” Усевалада Сцебуракі.

Ранішні блюз

У пяць гадзін раніцы, ў пяць
таксоўкі самотна стаяць,
месьцічы ўсе яшчэ сьпяць
у пяць гадзін раніцы, ў пяць.

У пяць гадзін раніцы, ў пяць
шклом алкашы не зьвіняць,
дзеці «Макдональдсы» сьняць
у пяць гадзін раніцы, ў пяць.

Хтосьці на працу ідзе,
хтосьці ідзе ваяваць,
хтосьці плыве па вадзе,
хтосьці працягвае спаць…

У пяць гадзін раніцы, ў пяць
сонна ліхтарні гараць,
рана судзіць і караць
у пяць гадзін раніцы, ў пяць.

У пяць гадзін раніцы, ў пяць
можна сабе дазваляць
простыя рыфмы ствараць
у пяць гадзін раніцы, ў пяць.

Хтосьці на працу ідзе,
хтосьці ідзе ваяваць,
хтосьці няведама дзе
толькі зьбіраецца спаць.

Выдатны верш. Таму і чакаў я кнігу Сцебуракі, таму і шукаў у той кнізе другі таленавіты верш, каб сказаць усім, што Усевалад – паэт. Толькі другога добрага верша ў кнізе “Крушня” не знайшлося. І мог бы я не пісаць свае развагі пра два абавязковыя вершы для паэта, каб не згадка пра фалькларыста Фёдара Янкоўскага. Пасля публікацыі адной з першых маіх вершаваных падборак, я атрымаў ліст ад вядомага збіральніка фальклору. Ён хваліў мае творы, расказваў пра сваю радасць ад знаёмства з маёй паэзіяй. Таму і я пішу пра “Ранішні блюз”, бо ўсё яшчэ спадзяюся прачытаць другі таленавіты твор Усевалада.