March 30th, 2007

07kiepka

(no subject)

2007. Барыс і гарэлка

Зайшоў у кавярню, а тамака бітма народу. Знайшоў вачыма знаёмы твар. У кутку, за акварыюмам сядзеў кравец Барыс. Я праціснуўся да ягонага століка. “Адзін?” – “Сядай, а я схаджу цыгарэту выкуру”. На стале стаяла тонкасценная колба з гарэлкаю і чарка. Чысты мужчынскі нацюрморт. Ці захацелася мне выпіць? Так… Нейкае імгненне мне сапраўды хацелася наліць сабе чарку. Але я задумаўся пра іншае, пра стасункі мастака і натуршчыцы. Ці глядзіць мастак на аголеную жанчыну, як п’яніца на колбу з гарэлкаю? Не. Мастак глядзіць інакш, ён глядзіць адначасова і на гарэлу, і на п’яніцу Барыса, і на кавярню, і на зялёны акварыюм з чырвоналобымі рыбамі. Мастак глядзіць шырока, ён бачыць вялікі свет, нават калі малюе толькі адну аголеную жанчыну, ці піша маленькі нацюрморт з чаркай і колбаю гарэлкі.