March 29th, 2007

07kiepka

(no subject)

2007. Суседка і маё новае крэсла

Вясна, і нечакана многа цяпла. Ад такой хуткаплыннай вясны ажно круціцца галава. Хмельнасць у целе. Нават мая п’яная суседка выглядае пасвяжэлай і прывабнай. Падумалася… Ці не намаляваць мне яе партрэт? Не! Яна не так мяне зразумее, яна падумае, што маляванне толькі нагода, каб перайсці ў сэкс. Вырашана… Маляваць суседку, якая любіць піва з гарэлкаю, не буду. Намалюю лепей крэсла. Так! У мяне новае крэсла. Прыдбаў я сабе крэсла, і амаль не сяджу на ім. Шкада? Не шкада… Сам не ведаю чаму мне не сядзіцца на новым крэсле. Пачну маляваць і разбяруся. І я пачаў маляваць крэсла. І не атрымлівалася ў мяне амаль нічога, бо ад крэсла сыходзіла варожасць. Яно нібыта нечага патрабавала. Я паклаў на крэсла ручнік і намаляваў, і атрымалася. Я лічу – атрымалася. Што палічаць іншыя? Хіба гэта важна для маіх узаемаадносінаў з уласным крэслам?..