March 24th, 2007

07kiepka

(no subject)

2007. Кісель і сны

Чэзлы бярэзьнік, жаўтлявая леташняя трава і рэдзенька-блакітнае сакавіцкае неба. Вёска. За шклом ілюмінатара вясковы краявід. І ў самалёце Ту-134 пахне па-хатняму. І ў роце ў мяме танная цукерачка. Няма сталічнай стыльнасці ў пералёце Менск-Масква. А тут яшчэ, на суседнім крэсле Кісель заснуў. Рот у чыноўніка-тэлевізійшчыка прыадкрыты. Якія сны бачыць Кісель? Не цікава, бо сны тыя, хутчэй за ўсё, жаўтлявыя і чэзлыя, як леташняя трава.
07kiepka

(no subject)

2007. Арлоў і “Залатая літара 2006”

Чытаю кнігі розныя, а каб неяк упарадкаваць сваё чытво, завёў я прэмію “Залатая літара”. Цяпер, падсумоўваючы прачытанае па-беларуску за год, я даю прэмію найлепшай кнізе. У 2006 годзе лепшай кнігаю стаў томік “Беларускі эратычны фальклор”. Атрымліваецца, што трэба даваць прэмію беларускаму народу. Лёгка сказаць ды цяжка зрабіць. Першая думка: узнагародзіць паэта з паэткаю, зрабіць кампазіцыю з Адама і Евы сучаснай паэзіі. На ролю Евы планаваў запрасіць Валер’яну Куставу, а на ролю Адама – Усевалада Сцебураку. Перадумаў, бо прэмія замалая, каб яе яшчэ і дзяліць. Тут згадаў, што па апытаннях тыднёвіка “Наша Ніва” самая вартая кандыдатура на званне народнага пісьменніка – Валодзя Арлоў. Чаму не? Кнігу вершаў Арлова “Паром праз Ла-Манш” я прачытаў з прыемнасцю. І нам ніколі не было цесна ні на якім пароме. Таму сваю “Залатую літару 2006” я ахвярую Уладзіміру Арлову.

P. S.

ГІСТОРЫЯ

Прэмію атрымалі:

Аксана Бязлепкіна (2003),
Анатоль Івашчанка, Ганна Кісліцына, Андрэй Хадановіч (2004),
Ігар Бабкоў (2005).

"Залатая літара 2006"
"Залатая літара 2005"
"Залатая літара 2004"
"Залатая літара 2003"