March 18th, 2007

07kiepka

(no subject)

2007-1978 Хадыка і водар будоўлі

Як доўга рамантуюць мост праз Свіслач… Другі год робяць, і ніяк не скончаць. Даводзіцца лезці праз бруд, пераскокваць лужыны, выслухоўваць мацюкі рабочых. А сягоння мяне ледзь машына не збіла, бо зазяваўся... Іду праз мост, тамака свежыя дошкі ляжаць, і так яны пахнуць, такі ў іх водар здаровы і смалісты, што я ажно крок прыпыніў, тутака джып і прыкаціўся. Абыйшлося адно сполахам. Крочу далей і ўспамінаю размову з настаўнікам Хадыкам пра водар будоўлі. Аднойчы, мы з ім ўзняліся на касцёльную столь. Ад той столі мала што засталося, замест столі быў зроблены дашчаты насціл. Стаімо на гнуткіх дошках, пад намі метраў з дваццаць вышыні і цэментовая падлога; бразнешся, не збяруць. “Ты любіш водар будоўлі?” – спытаў Хадыка. І я шчыра прызнаўся, што не люблю. “А я вельмі люблю пах будоўлі, ёсць у гэтым водары свежы стваральны дух. Я ж і архітэктарам стаў, бо люблю будоўлю, люблю водары будаўнічых матэрыялаў… А ты які водар любіш?” – “Бібліятэчны!” – адказаў я, не задумваючыся.