March 14th, 2007

07kiepka

(no subject)

2007. Пабіты і люстэрка

Бывае кепскі настрой, а бывае і стан невыноснасці, калі свет выглядае суцэльнай непатрэбшчынай. Я стаяў на прывакзальным пляцы, а навокал віравала зненавіднае жыццё. Горш не бывае… Думаў я, пакуль да мяне не падыйшоў мужчына з разбітым тварам. Ён аблізваў верхнюю губу, спрабуючы прыбраць кроў, што цякла з носу. “У мяне ябальнік чысты?” – “Кроў пад носам”. Пабіты папляваў на пальцы і пачаў рукою абціраць губы і нос. Чаму твар называюць ябальнікам? Падумалася мне. “А так?” – мужчына наблізіўся ўшчыльную. Ён углядаўся ў мяне, у мае вочы, нібыта ў люстэрка. “Крыху на верхняй губе і носе засталося…” Пабіты абцёр нос. “Моцна мне ябальнік начысцілі… Ат, перажыву… Дзякуй табе, брат…” Пабіты сышоў і знёс мой чорны настрой, а я застаўся стаяць на прывакзальным пляцы. Калі чалавека б’юць, калі ў чалавека ёсць ворагі, ён – жывы, вось і суцяшэнне.