March 13th, 2007

07kiepka

(no subject)

1998. Чадовіч і гульні

У маім выдавецтве часам падпрацоўвае пісьменнік-фантаст – Мікола Чадовіч. Вясёлы чалавек, хуткарукі работнік, несквапны і незласлівы Мікола мае адну загану, ён гуляе, ён – гулец. Атрымае ганарар і бяжыць у залу з гуляльнымі аўтаматамі. Ахоўнікі аўтаматаў цудоўна ведаюць фантаста Чадовіча, і нават шкадуюць яго, не даюць прагульвацца дарэшты. Шкадаваў Міколу і я, выдаваў яму ганарары маленькімі сумамі, а аднаго разу нават аплаціў кватэрны рамонт. У літаратуры Чадовіч таксама азартны гулец, якога асляпляе жаданне выйграць, ён увесь час удзельнічае ў нейкіх конкурсах, ездзіць атрымліваць нейкія граматы і прызы… “Валодзя, а ты ўсё пішаш па-беларуску? Кідай ты гэтую справу, пішы па-руску, пішы фантастыку… Я павязу цябе на конкурс “Вандроўнік”, пазнаёмлю са Стругацкімі, пазнаёмлю з Бушковым…” – “Не, дзякуй…” – “Ты не разумеш! Атрымаць меч вандроўніка, гэта як… гэта, як… як, міліён выйграць у латэрэю!” – “Не…” Запрашэнні Чадовіча я не прыняў, бо літаратура для мяне, пэўна ж, не гульня.