March 8th, 2007

07kiepka

(no subject)

2007. Валянціна Цюленева і свабодны друк

Не ведаю як у каго, а ў мяне свабодны друк апошняга дзесяцігоддзя асацыяваўся з адным чалавекам – Валянцінай Цюленевай. Пакуль яна прадавала на вуліцах Менска кнігі, часопісы і газеты, я верыў: свабодны друк у нас ёсць,і ён нам патрэбны. Раней такіх распаўсюднікаў было шмат, але пад націскам рэжымных міліцыянтаў, іх моцна паменела. Але гэтая жанчына засталася, яна не скарылася. Я пазнаёміўся з ёю, калі паспрабаваў набыць першы нумар часопіса “pARTisan”. “Я прадаю часопіс толькі ў харошыя рукі!” – “Скажаце, рэдактару – Артуру Клінаву, што ягоны першы часопіс набыў Глобус!” – “Добра, я так яму і перадам!” Праз тыдзень, на прэзентацыі першага “pARTisan”(а), я даведаўся, што распаўсюдніца нашых свабодных словаў і меркаванняў – маці Артура. Яна была апранута па-святочнаму і выглядала вельмі шчаслівай, яна радавалася за поспех сына. І я павіншаваў яе з поспехам, і мы перазнаёміліся яшчэ раз. Днямі яе не стала. Яшчэ тыдзень таму, позна ўвечары я бег па вакзальным падземны пераходзе, а яна стаяла з “Народнай воляю” і ўсміхалася мне. Я спяшаўся, як і ўсе спяшаюцца, ідучы праз вакзал. Я не ведаў, што менавіта такою будзе апошняя сустрэча са спадарыняй Валянцінаю. Каб можна было вярнуцца… Нельга. Свет незваротны.