March 7th, 2007

07kiepka

(no subject)

1995. Варашкевіч і бутэлька гарэлкі

Канцэрт без бутэлькі – не канцэрт. Бутэлька выпітая без жанчыны – не бутэлька. Жанчына, з якой не вытанцаваўся рок-н-рол – не жанчына. Таму я апрануў новы модны шэры палітон, купіў гарэлкі, прыйшоў на выступ “Крамы”, знайшоў жанчыну, мы выпілі, і я прапанаваў станчыць на сцэне. Ігар Варашкевіч спяваў: “Бяжы, хлопец, бяжы!..” Я танцаваў у разшпіленым палітоне, з бутэлькаю ў кішэні і з жанчынаю па прозвішчу Бартлава. Ігар спяваў: “Не, не, не… Не кахай мяне, Стэфка!..” А я танцаваў і танцаваў з Бартлавай… Потым? Не памятаю… Колькі не спрабаваў, а так і не ўзнавіў, як апынуўся на прыпынку, каля Дому афіцэраў. Канцэрт ладзіўся ў Палацы прафсаюзаў, я танцаваў з Бартлавай… Прагал… Стаю на прыпынку і кажу Варашкевічу: “Паехалі піць далей” – “Не магу, я ў сяброў спыніўся, мне трэба ехаць да іх…” Бартлава прапала, Варашкевіч з’ехаў, я застаўся адзін на прыпынку, дастаў з кішэні гарэлку, дапіў апошні глыток і працьверазеў. Так здаралася: дапіваеш апошнюю кроплю і цверазееш на сіберным ветры. “Усё, – думаю, – Больш на сцэне не танцую!” І не танцую.