February 27th, 2007

07kiepka

(no subject)

1981. Галя і пагляд

У Мазыр я прыехаў да любімай жанчыны – Тамары. Стаялі сонечныя дні ранняй восені. Мне засумавалася без Томы. Сеў я на аўтобус і паехаў з Менска на Палессе. Тамара мяне карміла свежанасмажанымі катлетамі з вермішэллю. Мы сядзелі на кухні, я еў, а Тома глядзела на мяне. А яшчэ на мяне глядзела Галя. Дзверы ў кухню былі прычыненыя, і Галя пазірала праз прастакутнік дзвярнога шкла. Галя – пляменніца Томы, дачка старэйшай сястры. Галя нарадзілася з хваробаю даўна, такі лёс. Катлеты былі смачнымі, у дарозе я моцна згаладаўся. Галя зіркала на мяне, хіхікала і хавалася ў калідорную цемрадзь, потым ізноўку падкрадалася да шыбкі, выглядала, смяялася і ўцякала. Ад той паездкі ў Мазыр ярчэй за астатняе помніцца менавіта Галін пагляд. Яна нібыта вынырвала да мяне з іншага света, дзівілася і радавалася нашай нечаканай сустрэчы. А з Томаю? З Томаю ў нас усё прайшло выдатна, мы ж любілі адно аднаго звычайнай чалавечай любо’ю.