February 25th, 2007

07kiepka

(no subject)

z 2007. Шульпякоў і чытанні

У бібліятэцы пачытаў я вершы разам з расейскім паэтам Глебам Шульпяковым. Я мусіў лепей чытаць свае тэксты, але прачытаў кепска, бо даходзіў да сярэдзіны верша і пачынаў хвалявацца: “Які слабы радок! Трэба тэрмінова правіць, неадкладна перапісваць…” Даводзілася чытаць далей і далей, а мяне пачынала проста трэсці ад саманезадаволенасці. Відавочна, не хапае ў мяне самаўпэненасці для публічных чытанняў. І на радыё я гэтаксама торгаюся, і голас здрадліва ўздрыгвае, і я захлынаюся ўласнымі словамі. Шуплякоў чытаў крыху раўней, прынамсі, так мне здавалася, бо, калі шчыра, я не слухаў яго зусім, бо думаў, як бы спакайней агучыць наступны тэкст. Каб не праваліць вечарыну, я прынёс і паказаў кліпы з малюнкамі. Шульпякову малюнкі спадабаліся. Напэўна, каб Глеб паказаў мне свае малюнкі, яны б мне спадабаліся таксама. А вось Зміцеру Вішнёву не спадабалася тое, што Шульпякоў зусім не ведае беларускай літаратуры і культуры. Пра сваю незадаволенасць Зміцер вырашыў абвесціць прысутным. Пакрычаў і пакінуў залу. Без такіх выхадак не абыходзіцца не адна вечарына. Людзі прывыклі. Публіка сабралася паэтычная, што парадавала, і слухалі ўсе спакойна і ўважліва, што дзівіла і дзівіць. Пасля вечарыны да мяне падыйшоў Андрэй Хадановіч і сказаў, што злавіў кайф ад верша "Адліга ў Вільні". Глеб падарыў мне сваю кнігу “Жолуд”, якую я спакойна пачытаю пад настольнай лямпаю. З “Жолудам” у кішэні я вышаў на мароз, і стала мне добра.