February 6th, 2007

07kiepka

(no subject)

1987. Дзядзька Генадзь і выратаванне

Мора неба, мора сонечнага паверта, мора вады, мора… Люблю мора. У Беларусі мора нямашака, ну няма ў нас мора, а я ім усё адно захапляюся. Мора я палюбіў у дзяцінстве. Прыехаў на Чорнае мора і зачараваўся стыхіяю. Калі робіцца дрэнна, я згадваю бліскучыя хвалі і супакойваюся. У юнацтве я нават хацеў пайсці працаваць выратавальнікам. Магноліі, пальмы, гладкія камяні, пясок, пляж і я – выратавальнік. Чаму так? А выратавальнікам доўгі час працаваў муж маёй цёткі Рэні – Генадзь Сахарцаў. Ён сем гадоў адслужыў на флоце, а наступныя сем гадоў адпрацаваў выратавальнікам на сочынскім пляжы. Ён навучыў мяне плаваць у моры, заходзіць і выходзіць у шторм. Я магу плаваць у 4 балы. Калі 5 балаў, не магу, а ў 4 магу. У 3 балы мала хто палезе купацца, у 4 – пагатоў, а мы купаліся. З выратавальнікам не страшна, і калі ўмееш не страшна. Нармальна, калі ты з прафесійным выратавальнікам плаваеш на высокіх хвалях. Можа з-за гэтага я не люблю Альбера Камю з ягонай аповесцю “Падзенне”, у якой жанчына кідаецца з моста і топіцца, а мужчына стаіць на беразе і думае пра халодную ваду. Не каб кінуцца ў рэчку і паспрабаваць уратаваць чалавека, стаіць і думае, маўляў вада такая халодная. Слімак, адным словам, слабы і гнілы чалавечак. Ён яшчэ любіць напівацца і пакутваць ад згрызотаў сумлення, а каб пакута была мацнейшаю, ён спавядацца выпадковым п’янтосам у барах. Брыда, карацей не скажаш. Такая брыда яшчэ і блытае словы “варатавальнік” і “ратавальнік”. Споведзі, раскайванні, ратавальнікі душаў – дурня гэта ўсё, словаблуд. А выратавальнік – моцная пазіцыя. Мне ў дзяцінстве, вядома, пашанцавала з дзядзькам Генадзям, які навучыў заходзіць у шторм. Мне пашанцавала, і я палюбіў мора.