January 1st, 2007

07kiepka

(no subject)

2006. Дзед мароз і Хведараў

У кавярні “Акварыюм” паэт Бабкоў пазнаёміў мяне з Дзедам марозам. З тым Дзедам, што сядзіць у гарадскім парку, у чароўным дамку. Гэта самы найгалоўны Дзед мароз у нашым Менску. Ён мне і распавёў гісторыю пра перфомансніка Хведарава. Пачалося з маёй думкі пра старажытных рабоў. Маўляў, адносіны паміж гаспадарамі і рабамі перайшлі ў адносіны паміж людзьмі і жывёламі. Напачатку: склаліся адносіны паміж людзьмі і жывёламі, з іх выраслі стасункі паміж рабаўладальнікамі і рабамі, а цяпер чалавек ставіцца да свайго ката прыблізна так, як гаспадар ставіўся да раба. Дзівіць тое, што раб-кот зусім не працуе, як і раб-сабака, між іншым. Прымусіць раба-сабаку працаваць амаль не магчыма, а раба-ката не магчыма зусім… Слухаючы пра мае назіранні за рабамі-сабакамі, Дзед мароз згадаў Хведарава… “Гэты Хведараў зрабіў “рэмэйк“ перфомасу. Паспрабаваў паўтарыць перфоманс нейкага маскоўскага мастачка. Той распрануўся ў музеі, стаў накарачкі, пачаў гаўкаць, кідацца на гледачоў і кусаць іх. Кшталту, ён – сабака. Хведараў таксама распрануўся ў музеі, праўда не да канца (майткі пакінуў), таксама гаўкаў, але нікога не кусаў, маўляў, і ён – сабака, але сабака добры…” Мы з Бабковым шчыра дзівіліся, пачуўшы пра такі нязграбны і няўдалы плагіят, але не паверыць Дзеду марозу не маглі. Дзеду марозу трэба верыць, бо яму вераць усе. Не верыш? Схадзі ў парк, пайдзі і паглядзі колькі тысяч людзей стаіць у чарзе да дамка з праўдзівым Дзедам марозам.